Пакуль у сувязі з пажаранебяспечнай сітуацыяй на ўсёй тэрыторыі Гродзенскай вобласці дзейнічае забарона на наведванне лясных угоддзяў, леснікі сумесна з работнікамі МНС праводзяць рэйды, піша vgr.by.
— За мінулыя выхадныя работнікамі службы Дзяржаўнай лясной аховы сумесна з МНС было праведзена 24 рэйды. Было складзена 15 пратаколаў па артыкуле 15.29 КаАП РБ — парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, — распавёў намеснік начальніка аддзела лясной гаспадаркі, аховы і абароны лесу Гродзенскага ДВЛГА Аляксей Грыгас.
Нагадаем, забарона на наведванне лясоў спачатку была ўведзена 25 красавіка на тэрыторыі 11 раёнаў вобласці, а суткі праз — ужо па ўсёй Гродзенскай вобласці. Нельга шпацыраваць, адпачываць, праязджаць на асабістым транспарце. Выключэння — людзі, дарога да жылля або ў садовае таварыства якіх праходзіць праз лес. Акрамя таго, можна праязджаць на машынах або іншым транспарце да санкцыянаваных мясцінаў адпачынку ля вадаёмаў. Аднак нават там распальваць вогнішча катэгарычна забаронена. За парушэнне забароны пагражае штраф да 25 базавых велічынь.
Забарона захоўваецца да гэтага часу. Нягледзячы на тое, што на выхадных па вобласці прайшлі дажджы, усё роўна прынята рашэнне пра абмежаванні на візіты ў лясныя ўгоддзі старонніх, дадаў Аляксей Грыгас.
У цэлым па краіне за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах было аштрафавана 69 чалавек.