У пашпарце 15 старонак. У ім размясціліся асноўныя кропкі на карце Аўгустоўскага канала. Наведаўшы адзін з пунктаў маршруту, турыст атрымлівае адпаведны штамп. Такое падарожжа нагадвае захапляльны квэст. Пасля таго, як усе кропкі будуць пройдзены, пашпарт стане прыемным сувенірам, піша grodnonews.by.

— Гэты стыльны дакумент створаны на трох мовах: рускай, польскай, англійскай і аформлены ў шэра-зялёных колерах, пад стаць лагатыпу праекта «АвгустВело». Дадзены трансгранічны веласіпедны маршрут ўздоўж Аўгустоўскага канала пачне дзейнічаць 1 чэрвеня 2019 года, — растлумачылі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Атрымаць пашпарт кожны турыст зможа ў маі. На беларускай тэрыторыі яго будуць выдаваць у турысцка-інфармацыйных цэнтрах Гродна і Сапоцкіне. Уладальнікам такога пашпарта можна стаць і прама на мяжы ў пункце пропуску «Лясная-Рудаўка», які аднаўляе работу 1 мая.