У пятым туры чэмпіянату Беларусі «Нёман» у Мінску абыграў сталічнае «Дынама». Адзіны гол у матчы з пенальці забіў Валерый Жукоўскі.

Вырашальны мяч гродзенцы забілі на 90-й хвіліне. Шытаў у сваёй штрафной паваліў Алыкулава. Біць адзінаццаціметровы ўзяўся Валерый Жукоўскі. Яго дакладны ўдар і прынёс гродзенцам перамогу ў Мінску.

«Дынама-Мінск» — «Нёман» — 0:1

Ігар Кавалевіч пасля матчу:

— Напэўна, можна сказаць, што нам пашанцавала ў канцы матчу. Крыху не разабраліся з левым флангам абароны. На мой погляд, «Дынама» яшчэ не зусім згуляная каманда. Трэба ёй час, каб разгуляцца. Але вельмі моцныя індывідуальна футбалісты — і Фатаі, і Білоног. Ёсць футбалісты, якія могуць вырашыць эпізод. У цэлым, я задаволены гульнёй. І задаволены гульнёй Гулжыгіта. У нас была вымушаная перастаноўка ў складзе. Адзін з лідэраў каманды Лягчылін атрымаў траўму. Таму мы баяліся за цэнтр поля. Але Якімаў спрацаваў добра. Як, уласна, і ўся каманда.

Пасля перамогі ў Мінску гродзенцы дзеляць 6-е і 7-е месца з «Іслаччу». У каманд па 9 ачкоў. Свой наступны матч «Нёман» правядзе ў Гродне 4 мая і будзе прымаць «Тарпеда-БелАЗ».