Завершана расследаванне аварыі з удзелам маршруткі, у якой два чалавекі загінулі, яшчэ 13 пасажыраў атрымалі розныя траўмы, піша vgr.by.
Крымінальная справа распачата ў дачыненні да 46-гадовага прадпрымальніка з Гродна, кіроўцы маршруткі Гродна — Мінск. У кастрычніку мінулага года ён вёз пасажыраў з Мінска ў Гродна і на 74-м кіламетры трасы М6 пад Валожынам не ўлічыў дарожную абстаноўку і заехаў у раздзяляльную бетонавую агароджу. У выніку ДТЗ два чалавекі загінулі, яшчэ 13 пацярпелі, дзевяць з іх, у тым ліку двое малалетніх, атрымалі цяжкія траўмы.
Праведзены ўсебаковы комплекс следчых і працэсуальных дзеянняў. Зафіксаваныя паказанні ўдзельнікаў, вывучаныя запісы камер відэаназірання. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя заключэнні больш за 20 экспертыз.
На думку следства, асноўная прычына ДТЗ — значнае перавышэнне хуткасці кіроўцам, які знаходзіўся за рулём у стомленым стане. Па дадзеных следства, мікрааўтобус рухаўся з перавышэннем хуткасці ў два разы. Максімальна дазволеная на дадзеным участку дарогі ў той момант складала не больш за 50 км/ч.
Па выніках следчага эксперыменту ў кіроўцы мелася рэальная магчымасць бачыць і назіраць загадзя ўстаноўленыя наперадзе па ходзе яго руху папераджальныя і забараняючыя дарожныя знакі. Пры выкананні патрабаванняў можна было пазбегнуць трагічных наступстваў.
Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя звесткі, якія характарызуюць асобу абвінавачанага. Вядома, што з 2007 па 2018 год ён 90 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, пры гэтым за парушэнні хуткаснага рэжыму ён двойчы (у 2011 годзе і 2012 году) быў пазбаўлены правоў кіроўцы.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Віну прызнае цалкам. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.