Пажар у саборы Парыжскай Божай Маці, ён жа Нотр-Дам, быў выяўлены ў 18:50 па мясцовым часе (16:50 па Грынвічы, 19:50 па беларускім часе), паведамляе bbc.com. У саборы вяліся рэстаўрацыйныя працы.

Сабор зачыніўся ў 18:45 па мясцовым часе, а пажар успыхнуў ўсяго праз пяць-шэсць хвілін. Людзі з сабора былі эвакуіраваны, аб пацярпелых не паведамляецца.

У выніку пажару паваліўся галоўны шпіль і дах сабора. Ад тушэння пажару з паветра адмовіліся: пажарныя самалёты не прыстасаваныя для такога тыпу пажараў і маглі б пашкодзіць і сцены сабора.

«Як і ўсе мае суайчыннікі, гэтым вечарам я з сумам сачу за тым, як гарыць частка ўсіх нас», — напісаў у Twitter прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Журналістка Аньес Пуаро жыве на востраве Сітэ непадалёк ад палаючага сабора. У інтэрв'ю BBC яна распавяла, як, у яе разуменні, развіваўся пажар: «Трэба разумець, што вакол шмат будаўнічых лясоў, і я ўпэўненая, што ўзгаранне пачалося праз працы. Але вітражы расплавіліся, і, вядома, полымя распаўсюджваецца паўсюль».


hrodna.life/2019/04/16/pazhar-patushanyi-asnounaya-kanstrukcyiya-saboru-bozhay-maci-u-paryizhyi-uratavanaya/

«Сабор Парыжскай Божай Маці належыць усяму чалавецтву. Якое сумнае відовішча. Які жах. Я падзяляю пачуцці французскага народа, якія адчуваем і мы», — напісаў у Twitter старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер.

Агенцтва Reuters са спасылкай на відавочцаў паведамляе, што ўвесь востраў Сітэ, дзе стаіць сабор Парыжскай Божай Маці, эвакуююць.

Апошні раз сабор Парыжскай Божай Маці атрымліваў сур’ёзныя пашкоджанні яшчэ падчас Французскай рэвалюцыі ў канцы XVIII стагоддзя. Дзве сусветныя вайны сабор перажыў амаль без пашкоджанняў, адзначае карэспандэнт BBC Анры Асцье.

Сабор у самым цэнтры Парыжа будаваўся ў XII-XIV стагоддзях, гэта яркі ўзор гатычнага стылю. Штогод яго наведваюць мільёны турыстаў, ён таксама праслаўлены ў аднайменным рамане Віктора Гюго і ў яго тэатральных і кінаадаптацыях.