Навіны

Эксперт у сферы ВІЧ аб справе «епіскапа свету»: «У Дзмітрыя віны ніякай няма»

Старшыня праўлення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Людзі плюс» Тацяна Жураўская расказала, чаму Дзмітрыя Бондара, больш вядомага ў сацыяльных сетках як «епіскап свету», трэба апраўдаць. Разгляд справы эпатажнага жыхара Навагрудка пачаўся ў судзе Навагрудскага раёну 11 красавіка ў закрытым рэжыме, піша «Радыё С**бода».

«Ён нікому не прынёс шкоду»

Дзьмітрыя Бондара абвінавачваюць у «заведамым стварэньні для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)» (ч. 1 арт. 157 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Больш за 6 месяцаў ён знаходзіцца ў гарадзенскім СІЗА.

Арганізацыя «Люди плюс» прадстаўляе інтарэсы ўсіх жыхароў Беларусі зь вірусам ВІЧ, іхніх сваякоў і спэцыялістаў, якія працуюць у гэтай сфэры.

Тацяна Жураўская выступіла на чарговым судовым паседжаньні па справе Бондара ў якасьці спэцыяліста ў сфэры ВІЧ/СНІД 12 красавіка. У інтэрвію Cвабодзе яна выклала сваю пазыцыю па гэтай справе.

Па меркаваньні старшыні праўленьня арганізацыі «Люди плюс», Дзьмітрыя Бондара трэба апраўдаць.

«У Дзьмітрыя віны ніякай няма. Ён нікога не заразіў, нікому не прынёс шкоду… Выкарыстоўваў сродкі абароны, нікому не стварыў пагрозу. З боку людзей, зь якімі ён быў у кантакце, няма да яго прэтэнзій, ніхто не патрабуе кампэнсаваць маральную шкоду», — адзначыла Тацяна Жураўская.

Наколькі вядома, па справе Бондара праходзіць пяцёра пацярпелых.

«Сам артыкул трэба мяняць»

Па словах старшыні праўленьня «Люди плюс», у Бондара такі стан, пры якім ён ня можа нікога заразіць нават пры адкрытым полавым кантакце. Пры такім стане назіраюць «нявызначальную вірусную нагрузку», іншымі словамі, мінімальную колькасьць вірусаў у крыві дзякуючы пасьпяховаму лячэньню. У некаторых краінах пры такім стане чалавек зь ВІЧ не павінен папярэджваць аб захворваньні і можа не засьцерагацца.

Арганізацыя «Люди плюс» выступае за адмену першай часткі артыкула, датычнай «стварэньня небясьпекі заражэньня», па якой вінавацяць Бондара. Яны дамагаюцца, каб былі ўнесеныя адпаведныя папраўкі ў закон.

«Гэты артыкул [арт. 157 КК Беларусі] уступіў у сілу каля 30 гадоў таму, калі гэтае захворваньне [СНІД] лічылася сьмяротным. Артыкул адносіцца да разраду цяжкіх. Сёньня, згодна з ВОЗ, СНІД зьяўляецца кантралюемым хранічным захворваньнем, таму сам артыкул трэба мяняць. Мэдыцына і грамадзтва агулам пайшлі наперад», — мяркуе Тацяна Жураўская.

Да таго ж, на думку суразмоўцы, пры стварэньні небясьпекі заражэньня ВІЧ можна прымяняць іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія кажуць пра «прычыненьне шкоды здароўю», «ненаўмысныя дзеяньні», «дзеяньні па неасьцярожнасьці».

У адмене часткі 1 артыкула 157 праваабаронцы спасылаюцца на дадзеныя Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, а таксама нядаўнія міжнародныя дасьледаваньні, датычныя завышэньня рызыкі перадачы ВІЧ.

Спэцыялістка адзначыла, што яны ініцывалі папраўку ў згаданы артыкул, якая датычыць 1 і 2 ягонай частак. Яна ўступіць у сілу сёлета ў ліпені. Паводле яе, ня будзе крымінальнай адказнасьці, калі асоба зь ВІЧ своечасова папярэдзіла пра сваё захворваньне, а другая асоба добраахвотна пагадзілася на дзеяньні, які стварылі небясьпеку ейнага ўласнага заражэньня.

Праваабаронцы дапамаглі ў чвэрці падобных справаў

У Беларусі было заведзена каля 200 крымінальных справаў па 157 артыкуле. Арганізацыя «Люди плюс» дапамагала 56 абвінавачаным, кансультацыямі або ўдзелам у судах.

«Усе суды, у якіх мы прымалі ўдзел асабіста, заканчваліся тэрмінам менш за меншы, то бок, прымяняліся іншыя артыкулы, без пазбаўленьня волі», — расказала Тацяна Жураўская.

Прысуд Дзьмітрыю Бондару могуць вынесьці ўжо на наступным тыдні. Артыкул, па якім яго вінавацяць, прадугледжвае пакараньне штрафам, арыштам або пазбаўленьнем волі да трох год.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Будзе капаць на галовы» — што гродзенцы думаюць пра новыя кветкавыя аркі на Савецкай

Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…

24 красавіка 2025

Студэнта з Гродна будуць судзіць за паведамленні ў «Беларускі Гаюн»

Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…

24 красавіка 2025

Цэгла са слядамі пальцаў, найстарэйшая свідравіна Гродна і двор для мерапрыемстваў. Якім стане комплекс былога піўзавода Brovar Hrodna

«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…

24 красавіка 2025

На могілках у Гродне з’явілася пліта расійскага салдата, які ваяваў супраць Украіны

Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…

23 красавіка 2025

Як будзе выглядаць стогадовы дом у стылі канструктывізму на Міцкевіча пасля перабудовы: праект

Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…

23 красавіка 2025

У Гродне можна зрабіць здымак райка вока — паслуга падабаецца парам

Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…

23 красавіка 2025