Спрэчкі па справе здарэння, у якім чатыры жанчыны загінулі, адна атрымала інваліднасць, пачаліся ў судзе Гродзенскага раёна 10 красавіка, піша «Гродзенская праўда».

На лаву падсудных трапілі галоўны інжынер прадпрыемства, начальнік цэха гатовай прадукцыі і яго намеснік. Ім прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 428 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (службовая халатнасць). На судовым пасяджэнні пракурор запрасіў для начальніка цэха і галоўнага інжынера пакаранне ў выглядзе пяці, для намесніка начальніка цэха — у выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. Акрамя таго, завод прад’явіў абвінавачаным пазоў за нанесены выбухам ўрон на агульную суму 560 тысяч рублёў.

Дзяржаўны абвінаваўца падкрэсліў, што віна ўсіх траіх падсудных даказаная шматлікімі паказаннямі сведак, пісьмовымі матэрыяламі справы і экспертнымі даследаваннямі. Самі абвінавачаныя сваё дачыненне да таго, што здарылася, па-ранейшаму не прызнаюць. Іх абаронцы патрабуюць апраўдальнага прысуду ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства.

Нагадаем, трагедыя адбылася ў начную змену 25 лютага 2017 года. Падчас транспарціроўкі цукру-пяску па галерэі, якая злучае склад і галоўны вытворчы корпус прадпрыемства, адбыўся выбух узважанага ў паветры цукровага пылу. Пяць працаўніц прадпрыемства з апёкамі рознай ступені цяжкасці шпіталізавалі. Чатыры з іх у хуткім часе памерлі. Адна з пацярпелых страціла працаздольнасць.

Заключэнне судовай экспертызы кажа пра тое, што прычына выбуху — узгаранне цукровага пылу у выбухованебясьпечнай канцэнтрацыі. Гэта магло здарыцца, як мяркуецца, з-за аварыйнай працы электратэхнічнага абсталявання або разраду статычнай электрычнасці.

Па сведчаннях сведак, работнікі цэха не раз скардзіліся начальству на моцную запыленасць ў памяшканнях, неналежную работу сістэмы аспірацыі. На адным з пасяджэнняў суда галоўны інжынер прадпрыемства прызнаў, што цэх гатовай прадукцыі патрабаваў рэканструкцыі, у тым ліку мадэрнізацыі сістэмы аспірацыі, але на гэта патрэбныя былі вялікія грашовыя сродкі, якія не вылучаліся.

Пацярпелая і сем'і загінулых з абвінавачваннямі пракурора згодныя, меру пакарання пакідаюць на меркаванне суда. Таксама пацярпелы бок патрабуе грашовую кампенсацыю маральнай шкоды.