«Лідскае піва» стварае буйны піўны музей. На яго фармаванне ўжо выдзелена звыш 400 тыс. еўра, а адкрыццё плануецца бліжэй да 2021 года, распавяла на прэс-канферэнцыі дырэктарка па маркетынгу Ірына Капілава. Стваральнікі музея лічаць, што аналагаў яму ў Беларусі няма.

Праект доўгатэрміновы. Музей размесціцца ў гістарычным бровары ў Лідзе, запушчаным яшчэ ў 1876 годзе. Зараз у будынку праходзіць рэстаўрацыя.

«Мы ствараем жывы музей з вялікай колькасцю экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўных, і актывацый. У ім таксама можна будзе глядзець фільмы і праводзіць навучальныя семінары. Тыя вобразы і візуалы, якія мы атрымліваем ад архітэктараў, натхняюць», — распавяла Ірына Капілава.

Пакуль па лідским піўзаводзе праводзяць прамысловыя экскурсіі, якія карыстаюцца цікавасцю. Наведвальнікам паказваюць працэс вытворчасці, у тым ліку футурыстычны варачны цэх, праводзяць дэгустацыю.

У Лідзе адкрыюць вялікі музей піваварства

Таксама кампанія рэалізуе праект па папулярызацыі беларускай мовы — «Агульная дыктоўка». Кожны ахвотны зможа напісаць дыктоўку на роднай мове і тым самым праверыць свае веды. У гэтым годзе ўпершыню будзе весціся нацыянальная прамая трансляцыя — на радыёканале «Культура».

«Мы ўзаемадзейнічаем з Міністэрствам адукацыі. У мінулым годзе колькасць удзельнікаў павялічылася на 73%. У гэтым годзе мы чакаем дадатковы рост», — сказала дырэктарка па маркетынгу.

Кампанія «Лідскае піва» стала часткай міжнароднай групы Olvi ў снежні 2008 года. Фінскі канцэрн на бягучы момант валодае 95,87% акцый. Прадпрыемства ўваходзіць у лік найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у Гродзенскай вобласці.


hrodna.life/2019/02/22/chehi-pivavarya/