На сайце petitions.by з’явілася петыцыя, якая звяртае ўвагу на праблему продажу і выкарыстання пластыкавых могілкавых упрыгожванняў у краіне. Яе стваральнікі плануюць накіраваць зварот у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, піша greenbelarus.info.

Аўтары петыцыі звяртаюць увагу, што пластыкавыя кветкі даўно сталі экалагічнай праблемай Беларусі.

«Нежывыя кветкі вырабляюцца з розных відаў штучных матэрыялаў. Так, сярэдзіна кветкі можа быць зроблена з пенапласту, пялёсткі з поліэстэру або латекса, а ўнутр сцябла, вырабленага з ПВХ, нярэдка ўстаўляецца металічны стрыжань. Да таго ж розныя забруджванні, той жа пясок, дадаткова ўскладняюць перапрацоўку. Тэрміны раскладання пластыка — ад 100 да 500 гадоў «, — гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Таксама ў звароце адзначаецца, што толькі са сталічных могілак штогод перад Вялікаднем і Радаўніцай вывозяцца на звалку каля 500 тонаў смецця.

Штучная Радуніца: пластыкавыя кветкі на могілках перажывуць пахаваных на сотні год

Па падліках эколагаў, штогод на могілках краіны аказваецца каля мільёна штучных руж, гваздзікоў і хрызантэм, на куплю якіх беларусы трацяць каля паўмільёна даляраў.

Продаж штучных кветак — прыбытковы бізнэс. Асабліва ў сезон традыцыйных для хрысціян дзён памінання памерлых. Рашэнне праблемы стваральнікі петыцыі бачаць у забароне на продаж штучных пластыкавых кветак у Беларусі.


hrodna.life/2019/03/28/v-stranah-evrosoyuza-do-2021-goda-zapretyat-odnorazovuyu-posudu-i-ne-tolko/

Зялёны партал не раз пісаў пра тое, што выбар на карысць пластыку — экалагічна небяспечны: пластыкавыя кветкі не падлягаюць перапрацоўцы і раскладаюцца сотні гадоў. Ды і не ў традыцыях беларусаў упрыгожваць магілы памерлых продкаў штучнымі раслінамі.

Іншая справа — жывыя кветкі і дэкаратыўныя хмызнякі і дрэвы.