Успышка газу адбылася ў пяціпавярховіку па завулку Даватара ў гродне 2 красавіка ў 21.55, паведамляе Гродзенскае упраўленне МНС.
На месцы высветлілася, што ў кватэры на чацвёртым паверсе гарэла канапа, на лесвічнай пляцоўцы было шчыльнае задымленне. Высветлена, што ў момант здарэння жыхарка кватэры 1995 г. н., гатавала ежу на газавай пліце. Пасля ўспышкі яна самастойна выйшла з кватэры. Дзяўчына атрымала апёкі 1−2 ступені (17% цела) і была шпіталізавана ў апёкавае аддзяленне бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці.
Успышка пашкодзіла ўваходныя дзверы ў кватэру, ашкленне аконнага праёму ў пакоі, задыміла сцены і столь.
Спецыялісты Гродногаз праверылі унутрыпад’ездны газаправод і газавыкарыстоўваючае абсталяванне ў сумежных кватэрах. Уцечак газу і парушэнняў працы абсталявання не ўстаноўлена. Дыягностыка газавай пліты ў кватэры паказала, што яна тэхнічна спраўная. Спецыялісты добраахвотнага пажарнага таварыства абследавалі вентыляцыйныя каналы — яны таксама ў парадку.
Разгляданая версія здарэння — парушэнне правілаў карыстання газавай плітой.
Ратавальнікі эвакуіравалі 17 жыхароў пад’езда. Пасля таго, як агонь патушылі і памяшканні праветрылі, яны вярнуліся ў свае кватэры.