Нечакана для многіх беларускія ўлады запусцілі даўно абяцаны малы памежны рух з Польшчай. Аднак – ва ўрэзаным варыянце – толькі для зарэгістраваных у вузкай паласе 12,5 км ад мяжы. Такім чынам у спіс шчасліўчыкаў патрапілі жыхары гродзенскай Альшанкі.

Праўда, гэта нават не ўся Альшанка, а толькі адзін квартал паміж вуліцамі Орды, Багушэвіча, Караткевіча і Агінскага. Іншым проста не пашанцавала – дамы знаходзяцца за ўяўнай лініяй 12,5 км ад мяжы.

На гэту падзею ўжо адрэагаваў польскі бізнес. Напрыклад, “Карта Альшанца” з’явілася ў папулярнай сетцы дыскаўнтараў “Бедронка” акурат да 1 красавіка. “Бедронка” – першая крама, якую сустракаюць беларусы ў Польшчы, таму выпуск асобнай карткі лаяльнасці для гасцей з Беларусі быў справай часу.

Жыхары Альшанкі актыўна абмяркоўваюць сваё новае “бязвізавае” жыццё і магчымасці, якія ў іх з’явіліся. Паводле інфармацыі з Viber-чатаў раёна, нават мясцовы ксёндз атрымаў у пашпарт рэгістрацыю па адрасе парафіі, хоць у касцёле няма жылых памяшканняў. Гэта нібыта мае спрасціць яму важную задачу “ганяць на Польшчу”. Па яго слядах ужо ідзе бацюшка з суседняй царквы, якая таксама патрапіла ў зону малога памежнага руху.

Акрамя Альшанкі ў зону патрапілі таксама “Аэрадром Караліно” і АТК “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Яны спадзяюцца на масавы наплыў жыхароў польскіх вёсак Чупрынава, Кругляны і Кундзін. На жаль, вёска Разадранка ў зону не патрапіла.

Калі вы дачыталі да гэтага моманту, звярніце ўвагу на дату на календары.