Спіс гарадоў-пабрацімаў Гродна пашырыцца сёлета на яшчэ адзін. Першы пабрацімам у Казахстане стаў горад Нур-Султан, які яшчэ нядаўна называўся Астана.
Нагадаем, Астану перайменавалі пасля таго, як шматгадовы кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў сышоў з пасады прэзідэнта.
Чакаецца, што афіцыйна Гродна і Нур-Султан стануць пабрацімамі летам, калі ў Гродна прыляціць вялікая казахстанская дэлегацыя.
Каб адзначыць знакавую падзею, дэлегацыя плануе прывезці з сабой падарунак — помнік Нурсултана Назарбаева. У аддзеле ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама ўжо прапанавалі для помніка нядаўна вызвалены пастамент на вуліцы Васілька, дзе нядаўна стаяў Чапаеў. Як вядома, Васіль Іванавіч туды не вернецца, а адправіцца на «пенсію» ў музей.
Ёсць у гэтай замене помнікаў і элемент эканоміі: апошнія літары абодвух прозвішчаў паўтараюцца, таму фрагмент «аев» можна ўзяць са старога подпіса.
У гарвыканкаме зараз актыўна абмяркоўваюцца варыянты помніка, які можна падарыць у адказ жыхарам Нур-Султана. Паколькі тыя дараць помнік яшчэ жывога чалавека, лагічна адказаць тым жа. А паколькі былых прэзідэнтаў у Беларусі яшчэ няма, ідэолагі прапануюць падарыць сціплы помнік Віктара Лісковіча — намесніка старшыні аблвыканкама Гродна.
Калі вы дачыталі да гэтага моманта, то раім звярнуць увагу на дату ў календары.