«Одноклассники» (рус.) атрымалі лакалізацыю на 15-ю мову: сацыяльная сетка прадставіла беларускую версію інтэрфейса. Беларуская мова стала даступная карыстальнікам на ўсіх платформах: у дэсктопнай і мабільнай версіях сацсеткі, а таксама ў мабільных праграмах ОК на iOS і Android.
Лакалізацыя сінхранізуецца на ўсіх платформах. Пасля ўключэння на любой з прылад беларуская мова аўтаматычна падключаецца на ўсіх астатніх версіях ОК карыстальніка.
Для лакалізацыі было перакладзена больш за 100 тысяч слоў. Пераклад закрануў не толькі элементы інтэрфейса, але і логіку работы часткі сэрвісаў - напрыклад, цяпер некаторыя падарункі можна знайсці пры дапамозе запытаў па-беларуску: «усміхніся», «цеплыня», «цацка» і іншых. Пасля ўключэння новай мовы паведамленні, у тым ліку па электроннай пошце, таксама прыходзяць па-беларуску. Цікава, што самым кароткім словам у інтэрфейсе аказалася «ў», а самым доўгім — «канфідэнцыяльнасць».
Сёння ўсе карыстальнікі ОК у Беларусі атрымалі паведамленні пра магчымасць пераходу на лакальную мову інтэрфейса, а для тых, хто ўжо пераключыўся, шапка сайту набыла вядомы традыцыйны арнамент.
Беларусь — другая краіна пасля Расіі па колькасці карыстальнікаў ОК: штомесячна сацыяльную сетку тут наведваюць 2,7 млн карыстальнікаў, гэта значыць, практычна кожны трэці жыхар рэспублікі. Ядро сацсеткі - гэта людзі 25−45 гадоў. Сярод маладой аўдыторыі карыстаецца папулярнасцю відэакантэнт — шоў з зоркамі і кіберспартыўныя стрымы, а таксама гульні. У 2018 годзе лічба праглядаў ролікаў і трансляцый у беларускіх карыстальнікаў, уключаючы стрымы ў OK Live, дасягнула 1 млрд у месяц.
Па дадзеных апытання ІАЦ, 68,8% карыстальнікаў сацсетак заявілі, што заходзяць менавіта ў ОК. У якасці любімага інтэрнэт-рэсурса беларусы таксама часцей за ўсё называюць «Одноклассники» (рус.) (11,6%).