У цяперашні час праектная прапускная здольнасць пункта пропуску «Брузгі» складае 5 тысяч аўто. Пасля мадэрнізацыі яна павялічыцца яшчэ на 900 грузавых аўтамабіляў у суткі, паведамляе Гродзенская рэгіянальная мытня.

Адно з асноўных змяненняў - павелічэнне колькасці палос для руху, як на выезд з краіны, так і на ўезд. Для грузавога транспарту прадугледжана ўстаноўка сучаснага вагагабарытнага абсталявання. Пасля праходжання вагагабарытнага кантролю транспартны сродак зможа прайсці мытны і памежны кантроль на адным з 7-мі каналаў на ўезд і 6-ці на выезд.

Гэта дазволіць значна скараціць час знаходжання аўтамабіляў у пункце пропуску і адпаведна павялічыць яго прапускную здольнасць па грузавым кірунку больш чым у два разы. У пункце пропуску будзе ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма распазнання і рэгістрацыі нумарных знакаў транспартных сродкаў.

Рэканструкцыя пункта пропуску рэалізуецца ў рамках праекта «Мадэрнізацыі транзітнага калідора». Аб’ём фінансавання складае больш за 4,0 млн. долараў за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.