У гэтым годзе вызначаны пяць зон масавага адпачынку — Юбілейнае возера, Цэнтральны пляж, Пышкі і Ласосна з пляжамі, а таксама Румлёва, піша «Вячэрні Гродна».

Па стане на 14 сакавіка завезены пясок для падсыпкі пляжаў. Праца па добраўпарадкаванні - рамонт малых архітэктурных формаў, ценявых падстрэшкаў, душавых кабін, устаноўка біяпрыбіральняў, буеў, чыстка дна — практычна не пачатая, паведаміла галоўны санітарны ўрач горада Гродна і Гродзенскага раёна Яніна Шарэнда.

Паводле яе слоў, асноўнае пытанне — устаноўка туалетаў. Каналізаваныя ёсць на Юбілейным возеры, аднак часта зачынены. Усе астатнія — дваровыя, як правіла, у непрывабным стане.

У гэтым годзе спецыялісты санстанцыі працягнуць праверку якасці вады ў месцах адпачынку ўздоўж Нёмана ў межах горада. Вось ужо некалькі гадоў яна не адпавядае нормам. Адна з прычын — скід гаспадарчых сцёкавых вод з дамоў на Рабочай вуліцы ў раку Гараднічанку, якія затым трапляюць у Нёман. Дарэчы, у перспектыве ўсе дамы на Рабочай вуліцы пойдуць пад знос, магчыма, тады праблема з якасцю вады вырашыцца.