Гродзенскі «Нёман» працягвае ўтрымліваць лідарскія пазіцыі ў нацыянальным спорце па выкарыстанні беларускай мовы. Пра гэта 20 сакавіка распавёў аўтар блога «Умовы для мовы» Ігар Случак.
У нацыянальным спорце футбольны «Нёман» з 2016 года ў лідарах па выкарыстанні беларускай мовы. Сёлета ў народным апытанні ўдзельнічалі ўсе клубы Вышэйшай, Першай і Другой ліг. У фінал адбору прабіліся 7 камандаў, сярод іх ужо традыцыяна быў і гродзенскі клуб. У тройцы па колькасці галасоў «Нёман» абышоў мінскіх «Тарпеда» і «Крумкачоў».
«Я вельмі ўсцешаны, што перамогу у народным апытанні за імя „Самы беларускамоўны футбольны клуб“ — 2018 атрымаў ФК „Нёман“ — у клубе беларускай мовы з кожным годам становіцца больш, адміністрацыя прыкладае для гэтага ўсе намаганні. На папярэдніх этапах апытання і ў паўфінале клуб таксама быў першым. „Нёман“ апошнія гады стабільна беларускамоўны — ў 2017 годзе ён быў першым у ТОП-150 рэйтынгу „Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі“, а ў 2016 годзе перамог у аналагічным сёлетнему народным апытанні ў сацсетках. Наогул, тройка пераможцаў народнага апытання — „Нёман“, „Тарпеда“ (Мінск) і „Крумкачы“ (што ў гэтым сезоне гуляюць пад назвай „НФК“ ствараюць элітны дывізіён беларускамоўнага футболу і з’яўляюцца прыкладам для іншых клубаў», — распавёў прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігар Случак.
Нагадаем, футбольны «Нёман» пачне новы сезон 29 сакавіка ў Гомеле. А 6 красавіка правядзе першы матч чэмпіянату ў Гродне і сустрэнецца з «Шахцёрам».