Літоўская краязнаўчая праграма «Stop juosta» («Спыніце стужку»), якая выходзіць на канале LRT, прадставіла выпуск пра архітэктуру міжваеннага Навагрудка. Паглядзець і зразумець перадачу могуць і беларусы — бо літоўскамоўныя фрагменты перакладзены з дапамогай субтытраў.
У праграме выкарыстана багата старых фотаздымкаў, планаў, нават відэазапіс 1930-х гадоў. Таксама можна пабачыць некаторыя цікавыя будынкі знутры.
Пра навагрудскія адметнасці расказваюць краязнаўца і спецыяліст па міжваеннай архітэктуры Уладзімір Садоўскі, супрацоўніца аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама Наталля Жычко і старэйшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. Таксама ў праграме выказваюцца гісторыкі Касціціс Антанайціс і Томаш Блашчак.
Наступны, ужо 77-ы выпуск праграмы, будзе прысвечаны архітэктуры Магілёва. Раней перадачы здымалі пра архітэктуру 1920−30 гадоў уласна ў Літве.