Дзевяць мастачак выехалі ў лес без сувязі, выгодаў і люстэркаў. У адрыве ад цывілізацыі яны натхняліся і слухалі экспертаў у сферы мастацтва, экалогіі, урбанізма, правоў чалавека. Вынікам сталі працы — карціны, відэа- і аудыёшэрагі, светавыя боксы, інсталяцыі. 10 сакавіка выстава прыехала ў Гродна.

Выстава адкрылася ў чорных сценах гродзенскага «ДОМу 46».

Сучаснае мастацтва мае на мэце выбіць чалавека з зоны камфорту, таму «Лес дзяўчыны» — гэта выстава-дыялог. З працамі можна ўзаемадзейнічаць і нават знішчаць іх. Наведвальнікі вернісажа перасоўваліся па памяшканні на скейтах і пілі віно ды кляновы сок з эка-кубкаў.

“Лес дзяўчыны”. У Гродне адкрылася выстава з творамі, якія можна знішчаць

Выстава — гэта вынік пленэру-пагружэння праекта «ART IN ACTION» галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

«Першапачаткова мы ставілі за мэту рабіць адукацыйныя праекты для дзяцей. Але потым зразумелі, што працаваць з дзецьмі мала і ёсць запыт у дарослай публікі пра тое, як адукоўвацца ў сферы культуры. Асабліва сучаснага мастацтва, якое больш складанае, чым класічнае», — расказвае Ірына Лукашэнка, адна з кіраўнікоў праекта.

Падчас праекта «ART IN ACTION» дзяўчат вывезлі ў лес на 10 дзён. Там яны трапілі ў асяроддзе, цалкам адрознае ад іх звычайнага. Гэта дазволіла глыбока паразважаць пра сацыяльнае акружэнне, праблемы, якія ў іх ёсць і якія іх кранаюць больш за ўсё. Таму працы маюць для кожнай вельмі асабістае значэнне.

Выстава ўжо экспанавалася ў Мінску і Маладзечна. Плануецца, што яна завітае ў кожны горад, адкуль родам мастачкі. А новыя выставы — гэта новыя людзі і новыя магчымасці для рэфлексіі і натхнення, кажа мастак і кіраўнік праекта Базыль Стахіевіч.

“Лес дзяўчыны”. У Гродне адкрылася выстава з творамі, якія можна знішчаць

— Я прыйшла да высновы, што гэта мой аўтапартрэт. У нас на пленэры не было не толькі сувязі, але і люстэрак. І гэта заахвоціла мае ўнутраныя роздумы пра тое, што такое прыгажосць. Чаму без люстэрак я сябе адчуваю лепш, перастаю думаць пра тое, як я выглядаю. Пачала задавацца пытаннямі, што такое прыгажосць, як гэта адбываецца, чаму мы яе так успрымаем, што такое прыгожае, што такое непрыгожае? І я параўнала гэта з колерам. Мы не можам казаць «прыгожы колер», бо камусьці падабаецца непрыгожы. І так жа з прыгажосцю, — расказвае пра сваю працу Ульяна Каленік.

“Лес дзяўчыны”. У Гродне адкрылася выстава з творамі, якія можна знішчаць

Гродзенка Лідзія Куршук падрыхтавала два праекты — серыю здымкаў і відэашэраг. «Менавіта там, на плэнэры каля леса, калі няма сувязі, толькі мы і прырода, яна, сувязь (з прыродай — аўт.) была для нас першаснай. Мы яе адчувалі, гэта была такая гармонія. А ў руціне мы забываем пра тое, адкуль мы і наколькі звязаныя з прыродай», — кажа мастачка. А відэашэраг адлюстроўваў тое, што было па вяртанні. «Зацыкленнасць, марнасць, безвыходнасць», — так апісвае будні пасля пленэра Лідзія.

“Лес дзяўчыны”. У Гродне адкрылася выстава з творамі, якія можна знішчаць

Яшчэ адна вельмі асабістая праца — Алёны Кучка. Яна пра яе сына, які нарадзіўся з паталогіяй канечнасцей. «Яна пра тое, як адбываецца прыняцце такога дзіцяці. Я спадзяюся, вы адчуваеце цяпло, якое сыходзіць ад гэтай працы. І нашу любоў да дзіцяці. Асаблівага дзіцяці».

Яе другая праца прысвечана «таму, як прыняць тое, што змяніць нельга і мець мужнасць змяніць тое, што можна». Інсталяцыя люстэрка з камнем, які мог запусціць кожны наведвальнік, адлюстроўвае гэтую мужнасць. Падчас адкрыцця ніхто не здолеў гэта зрабіць.

Затое паўзаемадзейнічалі з працай «Рэж» Паліны Скачковай. Яна ўжо на трэцяй выставе аднаўляе сваю працу, на якую сыходзіць чатыры гадзіны. І прапануе яе знішчыць. Яна кажа, што гэта такі эксперымент над беларусамі - ці асмеляцца яны гэта зрабіць. Аказалася, што самыя актыўныя ў гэтым дзеці. У Маладзечне за 15−20 хвілін яны яе знішчылі поўнасцю. Але мастачка не крыўдзіцца — гэтага яна і хацела.


Выстава працуе да 24 сакавіка.

“Лес дзяўчыны”. У Гродне адкрылася выстава з творамі, якія можна знішчаць

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life