Дыджэй з Гродзенскай вобласці спрабаваў купіць музычную ўстаноўку за сувенірныя купюры. Здзелка павінна была адбыцца ў гарадскім пасёлку Ружаны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Пружанскага РАУС Ігар Амельянчук.
Жыхар Гродзенскай вобласці 1997 нараджэння, які пазіцыянуе сябе дыск-жакеем, вырашыў абзавесціся новай апаратурай. Праз сацсеткі ён пазнаёміўся з мінчуком 1985 года нараджэння, які прапанаваў яму DJ-кантролер «Піянер» коштам Br2,6 тыс. Мужчыны дамовіліся сустрэцца вечарам 5 лютага на аўтавакзале ў Ружанах. Прадавец прад’явіў тавар, пакупнік — грошы ў канверце. Там знаходзіліся банкноты наміналам у $ 100.
Пры пераліку валюты ў мінчука узніклі падазрэнні. Калі ён паднёс купюры да святла, то ўбачыў надпіс «банк прыколаў». Пакупнік кінуўся наўцёкі.
Неўзабаве асоба махляра была ўсталяваная. Пружанскі РАСК распачаў 6 сакавіка ў дачыненні да дыджэя крымінальную справу па ч.1 арт.209 (махлярства) КК. Падазраванаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Раней малады чалавек не меў праблем з законам. З яго ўзятая падпіска аб нявыездзе.