«У нас ужо ёсць два выпадкі ўкусу кляшчоў. Першы зафіксаваны 28 лютага ў Гродне. Інцыдэнт адбыўся ў зялёнай зоне мікрараёна Вішнявец. Другі выпадак зарэгістраваны 5 сакавіка ў прыгарадзе Ліды на тэрыторыі прыватнага дома», — агучыла намесніца галоўнага ўрача Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анжэла Верабей, піша «Рэспубліка».

У мінулым годзе першыя выпадкі ўкусаў кляшчоў фіксавалі ў сакавіку. У асноўным кляшчы атакуюць на прыватных падворках, дачных участках і ў лесапаркавых зонах. Энтамолагі нагадалі пра неабходнасць выконваць меры засцярогі. Для гэтага трэба выбіраць максімальна закрытую вопратку, карыстацца рэпелентамі і аглядаць сябе і хатніх жывёл пасля прагулкі.

Прыкладна ў адным выпадку са ста клешч можа інфікаваць нас энцэфалітам або хваробай Лайма. Прафілактычнае лячэнне найбольш эфектыўна ў першыя два-тры дні пасля ўкусу. Таму калі клешч усё ж такі ўкусіў, то ад яго трэба як мага хутчэй пазбавіцца. Ні ў якім разе нельга выдзіраць яго самастойна. Звярніцеся ў бліжэйшую паліклініку або траўмапункт.