У Гродзенскай вобласці мужчына трапіўся на вуду махляроў і аддаў ім амаль 33 тысячы даляраў - купіў бы двухпакаёвую кватэру ў Гродна, а застаўся ні з чым і ў даўгах.
Жыхар Ваўкавыска некалькі гадоў лічыў сябе паспяховым анлайн-брокерам, гуляў на стаўках з нафтай, металамі, каштоўнасцямі. Зараз жа ходзіць на допыты да следчых і шукае, хто ж так спрытна маніпуляваў ім самім з далёкіх Маршалавых выспаў. Тут здарылася ўсё як у казцы пра Бураціна — амаль 33 тысячы мужчына перадаў невядомаму ў надзеі зарабіць мільёны на гандлі нафтай, алмазамі і золатам.
Прынцып кампаніі «Трэйд 12» быў просты — больш укладзеш, больш атрымаеш. Мужчына ўзяў крэдыт, прадаў машыну. Не хваляваўся, сума заробку на яго анлайн рахунку расла. За два гады набегла на 2-х пакаёвую кватэру. Але калі вырашыў забраць выручку, брокеры перасталі выходзіць на сувязь, распавядае ОНТ.
«Следчыя ўсталявалі, што згодна з размешчанай у інтэрнэце інфармацыяй, кампанія, якой жыхар Ваўкавыска пералічыў свае грашовыя сродкі, зарэгістраваная ў Англіі, а працуе па заканадаўстве Маршалавых выспаў. Пры гэтым шэраг інтэрнэт-рэсурсаў змяшчае звесткі, што дзейнасць кампаніі з’яўляецца чарговым ашуканскім праектам», — кажа Сяргей Шаршаневіч, афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці.
Уласныя верталёты, вілы, фірмы ў прома-роліках — на справе аказваюцца узятымі на пракат, а героі акторамі. Эксперты тлумачаць, ашуканцы добрыя псіхолагі, лёгка гуляюць на пачуццях людзей — як жа адмовіць сябру або прапусціць магчымасць зарабіць. Лісты аб спадчыне, званкі з банкаў, просьбы сяброў заняць грошай, псеўда-жаніхі. Схем падману сотні, а ашуканскіх сайтаў тысячы. Не важны пол, узрост, род заняткаў чалавека. Заявы ў міліцыю растуць як на дражджах — з пачатку года ўжо больш за 200 толькі ў Гродзенскай вобласці.
«Як паказвае практыка, усталяваць, і, што самае галоўнае, даказаць вінаватасць пэўнай асобы, якая знаходзіцца за мяжой, асабліва ў далёкім замежжы даволі праблематычна і ўдвая праблематычна вярнуць грошы. Ну калі шчыра, нават практычна немагчыма», — кажа Сяргей Чарняк, начальнік аддзела «К» УУС Гродзенскага аблвыканкама.
А аддаюць часам і па 70 тысяч долараў і больш. Крымінальныя справы заведзеныя па ўсёй краіне. Такія расследавання доўжацца месяцамі, вяртаюць грошы адзінкі. І тое толькі калі ілжэброкер расіянін ці ўкраінец. Арганізатараў той самай кампаніі «Трэйд 12» пад новы год затрымалі ў Кіеве. Але фірма працуе і сёння. І заўсёды галоўны козыр ашуканцаў у судзе — грошы людзі аддавалі добраахвотна і ведалі, што ідуць на рызыку.