Восемдзесят чалавек здабудуць дом, а новыя працоўныя месцы атрымаюць каля ста чалавек, піша «Гродзенская праўда».

Як паведамілі ў Камітэце па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама, установы такога тыпу вельмі запатрабаваны ў рэгіёне. Гродзенскі аблвыканкам, прымаючы рашэнне аб адкрыцці яшчэ аднаго псіханеўралагічнага дома — інтэрната, зрабіў стаўку не на будаўніцтва новага аб’екта, а на ашчадлівае выкарыстанне базы комплексу будынкаў былога санаторыя-прафілакторыя ААТ «Шклозавод «Нёман».

— Паколькі гэта маёмасць знаходзіцца ў рэспубліканскай камунальнай уласнасці, падрыхтаваныя дакументы ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь для правядзення працэдуры ўзгаднення з Дзяржкаммаёмасцю, — распавядае Анатоль Зімнавода, старшыня Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. — Пасля гэтага на падставе пастановы Савета Міністраў будзе ўзаконена перадача комплексу ва ўласнасць гродзенцаў.

У той час, пакуль дакументацыя праходзіць этап ўзгаднення, Камітэт вядзе падрыхтоўчую работу: распрацавана дарожная карта, сумесна з ААТ «Шклозавод «Нёман» і Лідскім райвыканкамам падбіраюцца кіраўнік і кадры для ўстановы.

У сярэдзіне лета плануюць пачаць засяленне. Пакоі практычна гатовыя да выкарыстання, а бягучы рамонт будзе весціся без пагаршэння ўмоў жыцця.