У галерэі кажуць, што выстава медытацыйная — і для гледача, і для мастака. Гэтыя працы далі Якавенку магчымасць паэксперыментаваць з фактурамі і прадставіць у працах чысціню і простасць. Акрамя афортаў - гатовых працаў, прадстаўлены і матрыцы — першакрыніцы, з якіх рабілі друк.

«Санет» — гэта паэтычныая форма, якая ўключае 14 радкоў. Мастак кажа, што яго санет незавершаны, таму ўключае 13 гравюр за розныя годы працы. Паколькі гравюры ўжо былі прадстаўленыя раней, майстар вырашыў прадэманстраваць і першакрыніцы — матрыцы з цынку. На іх дадалі фарбу, якая робіць іх прыгажэйшымі і выконвае абарончую функцыю.

Юрый расказвае, што прывык насычаць працы дэталямі і рабіць з іх хаос. А часам хочацца чысціні, яснасці, простасці. «І каб у прастаце была паэзія, нешматслоўе. А стамляешся ад простасці - зноў хочацца размаўляць доўгімі сказамі». Таму пры стварэнні Юрый натхняўся японскімі гравюрамі.

— Я ў прынцыпе люблю японскую гравюру — сярэднявечную і сучасную, — расказвае Юрый. — Яны адрозніваюцца ад еўрапейскай графікі - гэта і цудоўнае тэхнічнае майстэрства, і ўнутраны стан. Яны настолькі лаканічныя, вельмі ясна падаюць сваю ідэю. Гэта можа быць адна морква, качан капусты — але ён падаецца як цэлы космас. Ён настолькі фантастычны, ты пагружаешся ў спіраль, лісце, вянкі. Гэта пачуццё космасу, яснасці, формы, яе падачы — настолькі зачароўвае.

Незавершаны "Санет" Юрыя Якавенкі прэзентавалі ў галерэі "У Майстра"

Юрый кажа, што важна, каб і самі пласціны былі прыгожымі. Бо часам на іх робяць такую фактуру, якая выглядае непрыгожа, а на друку дае выдатны эфект. На выставе сабралі менавіта тыя пласціны, якія добра выглядаюць самі па сабе. Супрацоўнікі галерэі падкрэсліваюць, што працы можна разглядаць асобна, але і разам яны складаюць суцэльны твор. А чаргаванне круга і ромба на сценах падобнае да вершаванага рытму.

На выставе прадэманстравалі і папку з 13 працаў, якую можна набыць. Іх надрукаваў Аляксандр Ашурка. Тыраж — 30 экзэмпляраў. «Чым менш, тым унікальней. І даражэй, — жартуе аўтар. І інструктуе, каб пры праглядзе ўсе апраналі спецыяльныя пальчаткі. — Лічыце, што вы яе ўжо купілі і глядзіце пяшчотна».

Незавершаны "Санет" Юрыя Якавенкі прэзентавалі ў галерэі "У Майстра"

Выстава працягнецца да 28 сакавіка.

Даведка

Юрый Якавенка — мастак-гравер, ганаровы грамадзянін Гродна. Вядомы і папулярны ў Беларусі і за мяжой. Стаў дзясятым беларускім мастаком, які атрымаў званне ганаровага члена Расійскай акадэміі мастацтваў. Уладальнік дзясяткаў міжнародных узнагарод.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life