Гродзенскія зааабаронцы паведамляюць аб чарговым факце жорсткага абыходжання з жывёламі. 2 сакавіка прыблізна ў 15:00 на Вішняўцы жыхар горада Ігар Курбанаў знайшоў сабаку з моцна зацягнутым на шыі ашыйнікам. Меркавана жывёлу задушылі. Хто гэта зрабіў і каму належаў сабака, на дадзены момант невядома.
Па словах мужчыны, які знайшоў труп сабакі, жывёла памерла незадоўга да яго з’яўлення. Ігар лічыць, што сабаку відавочна задушылі ці павесілі.
«Гэтую карціну я назіраў у лесе каля станцыі пералівання крыві, калі шпацыраваў са сваім сабакам, — распавядае Ігар. — Жывёла ляжала ў рове, калі я падышоў. Пачаў разглядаць, убачыў прыгожы і дарагі аброжак. Магу меркаваць, што жывёла належала да жанчыны. Лагічна, калі сабака памірае, то гаспадары хаваюць і закопваюць, але тут проста ў рове ляжыць з зацягнутым ашыйнікам. Я праверыў аброжак і зрабіў выснову, што сабаку задушылі ці павесілі. Я не магу дакладна сцвярджаць, што менавіта так, але гэта асабіста маё меркаванне».
Ігар перадаў інфармацыю валанцёрам. Калі хтосьці пазнае сабаку, паведаміце пра гэта ў групу «Адданае сэрца».
Таксама сведка перадаў інфармацыю ў міліцыю. Цела сабакі забралі на экспертызу.
За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі.