На днях дыскаўнтэр «Бруснічка» на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 118 памяняў шыльду і атрымаў ранейшую назву «Еўраопт». Такім чынам, пасля 16 месяцаў працы новай сеткі ў Гродне не засталося ніводнай крамы «выключна акцыйных коштаў», піша «Вячэрні Гродна».
Нагадаем, «вяртанне да вытокаў» дыскаунтэраў «Бруснічка» пачалося ў канцы мінулага года. Тады ў «Еўраопт» перайменавалі «Бруснічку» на вуліцы Даватара, 7. Як патлумачылі ў філіяле ТАА «Еўрагандаль» у г. Гродна, гэта было зроблена для таго, каб задаволіць просьбы пакупнікоў, якія прасілі пашырыць асартымент. З тых часоў працэс вяртання «еўраоптаўскіх» шыльдаў распаўсюдзіўся і на астатнія дыскаўнтэры «Бруснічка».
«Бруснічка» на вуліцы Даватара адкрылася 26 верасня 2017 года. Гэта быў першы падобны аб’ект у Гродзенскай вобласці і другі ў краіне па плошчы сярод аналагічных крамаў. Узамен асартыменту, які скараціўся ў параўнанні з «Еўраоптам», прапаноўваўся тавар па «акцыйных» коштах.
Зараз галоўны беларускі рэтэйлер — ТАА «Еўрагандаль» — актыўна запускае па ўсёй краіне новы фармат гандлю. Гандлёвая сетка «Хіт! Экспрэс» будзе рэалізоўваць тавары па нізкіх коштах, але пры гэтым не будзе мець у наяўнасці скорапсавальных прадуктаў накшталт малочных і хлебабулачных вырабаў. Пра тое, ці з’явіцца такі жорсткі дыскаўнтэр ў Гродне, пакуль не паведамляецца.