Вулічны музыкант з Гродна Аляксандр Зімін збірае грошы на новы хэндпан. Пра гэта ён распавёў на сваёй старонцы ў Facebook 24 лютага. Новы інструмент патрэбен, каб развівацца ў сваёй творчасці, кажа музыка.
На Савецкай вуліцы Аляксандр грае з лета 2018 года. Да гэтага ён два гады граў каля Старога замка. Незвычайны інструмент у выглядзе лятаючай талеркі ўжо стаў славутасцю цэнтра Гродна.
Новы хэндпан каштуе каля 2000 долараў, дазволіць сабе яго Аляксандр не можа: не хапае сродкаў, а крэдыт у банку ўзяць не можа.
«Два сезона праект “Хэндпан у Гродне” станавіўся на ногі, – распавядае Аляксандр. – Я аддаў даўгі за інструмент, адзначыўся на міжнародным конкурсе ў Маскве, пакрасаваўся перад тысячамі турыстаў, якія наведалі Гродна, змог наладзіць жыццё, якое круцілася вакол 100 рублёў пенсіі па інваліднасці, якія выраслі зараз да неймаверных 128. Здабыў сваіх прыхільнікаў, але спыніўся ў развіцці як музыкант. Наглуха. Мне сорамна выходзіць на вуліцу. Я зрабіў памылку, не падумаўшы пра гэта».
Музыкант распавядае, што ў яго самы просты ў сваім класе інструмент. У яго сем мембран, у пераводзе на піяніна – сем клавіш. У адзін момант Аляксандр зразумеў, што гэтага яму ўжо не хапае.
“Хочацца караскацца вышэй. Людзі, якія падыходзяць і дзякуюць мне, заслугоўваюць большага. Грошай, якія сёння зарабляю, на жыццё хапае, але на развіццё праекта – не, – кажа Аляксандр. – Растэрміноўку вытворцы інструмента не даюць, а збіраць 2-3 тысячы долараў – гэта мінімум адзін страчаны сезон”.
Новы інструмент – новая музыка
Аляксандр не хоча трэці год запар граць адно і тое ж. Паводле яго слоў, так можна ператварыцца ў звычайнага вулічнага музыканта, які збірае на вячэру. А ў планах у яго большае: напрыклад, праводзіць вечары релаксу на прыродзе. Цікавіць і супрацоўніцтва з турфірмамі.
“Мне неяк на днях адна маладая мама сказала: “Вы не ўяўляеце, колькі дзетак шчаслівыя ад вашай музыкі”. Але хочацца большага, хочацца творчага росту і новых прыемнасцяў для жыхароў горада і гасцей”.
У новым хэндпане, які хоча набыць Аляксандр, больш нот, іншы лад. Гэта дасць магчымасць ствараць новыя кампазіцыі.
«Новы інструмент – гэта разнастайная музыка, большая ўвага турыстаў, якія з радасцю спрабуюць граць, здымаюць фота і відэа, распавядаюць дома, як у Гродне бачылі і чулі лятаючую талерку», – сказаў музыка.
https://www.instagram.com/p/Bl2UKcCAyVy/
Дапамагчы Аляксандру можна пры сустрэчы. Праект для краўдфандынгу ён яшчэ не напісаў. Як і любому вулічнаму музыканту, яму можна дапамагчы ахвяраваннямі ў чахол ад інструмента.
«Мне прапаноўвалі нават арганізаваць дабрачынны збор, але я не лічу, што маю на гэта маральнае права. Дабрачыннасць патрэбна тым, хто знаходзіцца ў небяспечным становішчы, хто не можа пра сябе паклапаціцца. А ў мяне ёсць рукі-ногі-галава, якімі я магу зарабіць, пакуль слухачам падабаецца мая творчасць», – дадаў Аляксандр.


