Наведванне музея Максіма Багдановіча для дзяцей, што наведваюць беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках і іх бацькоў арганізавала Гродзенская суполка таварыства беларускай мовы. Экскурсіі адбыліся выходнымі 16-17 лютага, напярэдадні святкавання Дня роднай мовы.
У музеі дзеці даведаліся пра дзіцячыя гады выбітнага паэта, паслухалі творы Багдановіча для дзяцей і пазнаёміліся з героямі яго дзіцячых вершаў – вадзяніком і лесавіком.
Напрыканцы экскурсавод прапанавала гульню, дзе трэба было ўзгадаць, якія рэчы бачылі ў розных пакоях дома-музея і назваць іх па-беларуску. На памяць пра імпрэзу ўдзельнікі атрымалі беларускія паштоўкі.

Як кажа сябра Гродзенскай суполкі ТБМ, Наталля Карповіч, адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы, скіраваныя на распаўсюд беларускай мовы і падтрымку навучання па-беларуску, ТБМ ладзіць увесь час. Апошнія з такіх акцый прайшлі ў беларускамоўных садках і пачатковых школах на Каляды.
“Каб было дзетак, як у садзе кветак!” Калядоўшчыкі з казой і мішкам наведалі дзіцячы садок








