Адміністрацыйна-гаспадарчы будынак з памяшканнямі бытавога абслугоўвання і гандлёвага прызначэння з’явіцца на вуліцы Вялікая Траецкая, 25. Невялікі ўчастак па суседстве з аўтастаянкай і крамай «Абухоўскі» на адкрытым аўкцыёне ў аўторак, 19 лютага, купіў гродзенскі бізнэсмэн, піша vgr.by.
Барацьба за надзел плошчай усяго ў 2 соткі стартавала з 15,3 тысяч рублёў. У ходзе таргоў 6 удзельнікаў паднялі выніковы цэннік да 81,6 тысяч рублёў. Па ўмовах аўкцыёну пераможцу трэба атрымаць дазвол на правядзенне праектна-пошукавых работ і распрацаваць праект на будаўніцтва аб’екта ў тэрмін, які не перавышае 2 гады. Пачаць будаўніцтва трэба не пазней як за 6 месяцаў з дня зацвярджэння праектнай дакументацыі.
Гэта далёка не першы падобны аб’ект у гэтым раёне. Нядаўна пачалося ўзвядзенне аналагічнага будынка адміністрацыйна-гаспадарчага прызначэння на вуліцы 1-ая Працоўная, 6. Там размесцяцца офісы. На Вялікай Траецкай, 47 і 57 ужо ідуць працы па рэканструкцыі гістарычных будынкаў пад гасцінічна-рэстаранныя комплексы.