Два дні спатрэбілася супрацоўнікам УЖРЭП Ленінскага раёна, каб дэмантаваць помнік Чапаеву на скрыжаванні вуліц Васілька і Карбышава ў Гродне. У бліжэйшы час на базе прадпрыемства плануецца рэканструкцыя бюста. Пасля ўсіх абнаўленняў канструкцыю абяцаюць вярнуць на месца.
Работа па дэмантажу бюста Чапаеву пачалася ў панядзелак, 18 лютага. Дзеянні рабрчых не засталіся без увагі гродзенцаў. Гараджане актыўна цікавіліся лёсам помніка герою Грамадзянскай вайны.

Бюст быў усталяваны ў Гродне ў 60-х гадах. Гэта яго першая рэканструкцыя. Яе прымеркавалі да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.

Даведка

Сам Чапаеў ніколі не быў ні ў Гродне, ні ў Беларусі. Па адной з версій, якую распавядаў краязнаўца Віктар Саяпін, бюст Чапаеву трапіў у Гродна выпадкова: яго перадалі «ў нагрузку» разам з будаўнічымі матэрыяламі з украінскага камбіната.

У савецкі час была ў Гродне і вуліца Чапаева, але потым яе перайменавалі ў Васілька. Помнік пры тым застаўся на месцы.

У 2010 годзе група актывістаў да гродзенскага помніка Чапаеву прымацавала таблічку з імем генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Па словах маладых людзей, яны вырашылі перайменаваць бюст, бо героі падобныя з твару.