У прэс-службе «Белтэлерадыёкампаніі» «Нашай Н**е» паведамілі, што ад нядаўняга часу ў арганізацыі працуе Георгій Яўчар.

Гэта былы прэс-сакратар МУС, які пры не да канца зразумелых абставінах пазбавіўся працы пры канцы лістапада.

Крыніцы тлумачылі «Нашай Н**е», што Яўчара знялі за «агулам незадавальняючую работу», у якой, маўляў, апошняй кроплей стаў іміджавы правал з відэа, на якім падлетак выбачаўся перад скульптурай гарадавога.

Праўда, міністр Шуневіч заяўляў журналістам, што гэта была ягоная ідэя.

Па інфармацыі аднаго з тэлеграм-каналаў, блізкіх да БТ, ён працуе ў дырэкцыі інтэрнэт-навін.

Георгій Яўчар узначальваў прэс-службу МУС з сакавіка да лістапада 2018 года. Раней быў намеснікам кіраўніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей, да гэтага — узначальваў аналагічнае ўпраўленне пры УУС Гродзенскага аблвыканкама.