У сераду каля гадзіны дня на лінію «102» патэлефанаваў 32-гадовы жыхар Гродна і паведаміў, што збіраецца скончыць жыццё самагубствам, пусціўшы ў кватэру газ. На званок адказала тэхнік службы міліцыі «102» УУС Гродзенскага аблвыканкама Вольга Гамеза, паведамляе прэс-служба УУС. У ходзе размовы мужчына перадумаў і захацеў хутчэй сустрэцца са сваёй выратавальніцай.

Супрацоўніца адразу ж высветліла, у чым прычына намеру скончыць жыццё. Мужчыну, які тэлефанаваў, кінула дзяўчына, а таксама па маўленні было чуваць, што мужчына п’яны. Высветлены быў і адрас, дзе знаходзіўся чалавек, туды адразу ж выехаў нарад міліцыі. Супрацоўніца службы «102» усяляк угаворвала грамадзяніна не здзяйсняць страшны ўчынак, наўмысна цягнула час, каб да кватэры паспелі прыехаць праваахоўнікі. Пазней дзяўчына прызналася, што вельмі перажывала, бо наступствы ад выбуху ў кватэры газу могуць быць катастрафічнымі і нашкодзіць іншым людзям.

Вользе ўдалося ўгаварыць мужчыну не пускаць газ у кватэру. Больш за тое, яму настолькі спадабаўся голас і манера размовы дыспетчара «102», што гродзенец перадумаў канчаць з сабой і захацеў як мага хутчэй асабіста сустрэцца з дзяўчынай. Дамовіліся убачыцца ля прадуктовай крамы па вуліцы Шчорса.

Яшчэ да прыбыцця міліцыянтаў чалавек, які некалькі хвілін таму збіраўся здзейсніць суіцыд, імгненна сабраўся і бадзёра накіраваўся да крамы на сустрэчу з супрацоўніцай службы «102». Вольга Гамеза жа перанакіравала туды нарад міліцыі, які і затрымаў грамадзяніна, што выказвау намер здзейсніць неадэкватныя дзеянні. Вольга на працягу 40 хвілін бесперапынку гутарыла з ім па тэлефоне, супакойваючы, і адначасна высветляючы маршрут яго перамяшчэння, што, у выніку, прывяло да станоўчага зыходу.