Трох работнікаў Скідзельскага цукровага камбінату судзяць за выбух на заводзе, падчас якога загінулі 4 жанчыны, а яшчэ адна засталася інвалідам. Справу пачалі разглядаць у судзе Гродзенскага раёна 11 лютага, амаль праз два гады пасля выбуху, піша s**boda.org.
Выбух адбыўся ў начную змену 25 лютага 2017 года. Успышка пылапаветранай сумесі, як паведамлялася тады на сайце Следчага камітэту, адбылася ў галерэі побач з цэхам пакавання і фасоўкі. Дэфармаваліся сцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзвярныя праёмы.
У выніку пяць жанчын атрымалі апёкі болей за палову цела і пашкоджанні ўнутраных органаў. Трох жанчын адвезлі ў менскі апёкавы цэнтр, дзвюх пакінулі ў гродзенскім шпіталі. Усіх увялі ў штучную кому. Чацвёра з яе так і ня выйшлі. Таццяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант сканалі менш як праз месяц. Пятая, Марына Урбановіч, выжыла, але засталася інвалідам.
Родныя загінулых жанчын, а таксама Марына Урбановіч прызнаныя пацярпелымі па справе.
Падсудных трое — начальнік цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Уладзімер Малашэвіч, ягоны намеснік Сяргей Грушэўскі і галоўны інжынер Уладзімер Губарэвіч. Іх трымалі пад вартай некалькі месяцаў, а потым выпусцілі.
Фігурантам пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.
Справу разглядае суддзя Дзмітры Грышын.
Усе трое абвінавачаных цяпер на свабодзе, двое працуюць на заводзе на іншых пасадах. Уладзіміру Малашэвічу 65 гадоў. Працаваў на заводзе 20 гадоў, пасля выбуху выйшаў на пенсію. Уладзіміру Губарэвічу 60 гадоў. Цяпер працуе спецыялістам вытворча-тэхнічнага бюро. Сяргею Грушэўскаму 42 гады. Працуе тэхнікам-тэхнолагам.
Уборка праводзілася нерэгулярна. Пыл прыбіралі сухім ручным спосабам, хоць для ўборкі купілі прамысловы пыласмок. З памяшканняў пыл вывозілі несвоечасова. Вентыляцыя працавала дрэнна. У яе пранікала вільгаць. У выніку, пыл наліпаў і засыхаў на фільтрах, і яны прапускалі менш паветра, чым павінны былі. Падначаленыя скардзіліся Малашэвічу на гэтую сітуацыю, але ён не звяртаў увагі.
Трое службовых асобаў спадзяваліся, што ніякіх наступстваў ня будзе, таму не прымалі ніякіх дзеянняў, каб паменшыць колькасць пылу. Акрамя таго, у выніку выбуху былі пашкоджаныя памяшканні цэха на суму больш за 590 тысяч рублёў.
Ніхто з абвінавачаныя віну не прызнаў.
Допыт пачалі з пацярпелых. Абвінавачаных дапытаюць у апошнюю чаргу.
Адзіная, хто выжыў, пацярпелая Марына Урбановіч распавяла пра ўмовы працы ў цэху.
Пра запыленасць работнікі пастаянна гаварылі свайму непасрэднаму начальніку Малашэвічу. Усе ведалі, што вялікая канцэнтрацыя пылу можа прывесці да выбуху. Урбановіч лічыць Малашэвіча вінаватым у выбуху. У адказ на скаргі падначаленых ён пачынаў крычаць, махаць рукамі, прапаноўваў звольніцца тым, хто незадаволены.
Якія меры прымала начальства па выдаленні запыленасці, Урбановіч ня ведае. Але паляпшэнняў не заўважала.
«Заўсёды лаяліся з-за гэтага пылу. Дыхаць не было чым. Начальства адказвала: «Прымем меры». У нас заўсёды была барацьба за гэты пыл «, — адзначыла Урбановіч.
Да астатніх абвінавачаных прэтэнзій няма.
Па ейных словах, у тую ноч пяць жанчын працавалі побач ля канвеернай стужкі.
«Рэзка прайшоў агонь, і мы сталі гарэць жыўцом. Агонь, мне падалося, пайшоў з галерэі. Потым быў моцны выбух, потым яшчэ адзін слабейшы», — распавяла Урбановіч.
Жанчына выказала здагадку, што агонь пайшоў з таго месца, дзе цукар перадаваўся са стужкі на стужку. Там, паводле яе, заўсёды збіралася шмат пылу. Чаму з’явілася іскра, ня ведае. Ніхто з работніц цэха не курыў.
Звычайна пыл прыбіралі тыя ж жанчыны, якія фасавалі цукар, уручную, з дапамогай шуфлікаў і венікаў. На гэта адводзілася літаральна пяць хвілін паміж зменамі, кажа пацярпелая. Вільготную ўборку праводзілі рэдка. Часам для гэтага работніцы бралі дзень за свой кошт.
Урбановіч адзначыла, што калі прыходзілі правяраючыя рабіць замеры ўзроўню пылу, у гэты момант стужкі канвеераў спынялі, каб было менш пылу.
Сын загінулай Алены Кудзерка Ігар заявіў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды на 120 тысяч рублёў да Скідзельскага цукровага камбінату.
Усе пацярпелыя падтрымалі дзяржаўнае абвінавачванне, але ніхто ня выказаўся, якога пакарання чакаюць для падсудных.
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…