«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе

Трох работнікаў Скідзельскага цукровага камбінату судзяць за выбух на заводзе, падчас якога загінулі 4 жанчыны, а яшчэ адна засталася інвалідам. Справу пачалі разглядаць у судзе Гродзенскага раёна 11 лютага, амаль праз два гады пасля выбуху, піша svaboda.org.

«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе
На першай лаве абвінавачаныя (злева направа) Малашэвіч, Грушэўскі, Губарэвіч

Чатыры жанчыны памерлі, пятая засталася інвалідам

Выбух адбыўся ў начную змену 25 лютага 2017 года. Успышка пылапаветранай сумесі, як паведамлялася тады на сайце Следчага камітэту, адбылася ў галерэі побач з цэхам пакавання і фасоўкі. Дэфармаваліся сцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзвярныя праёмы.

У выніку пяць жанчын атрымалі апёкі болей за палову цела і пашкоджанні ўнутраных органаў. Трох жанчын адвезлі ў менскі апёкавы цэнтр, дзвюх пакінулі ў гродзенскім шпіталі. Усіх увялі ў штучную кому. Чацвёра з яе так і ня выйшлі. Таццяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант сканалі менш як праз месяц. Пятая, Марына Урбановіч, выжыла, але засталася інвалідам.

Родныя загінулых жанчын, а таксама Марына Урбановіч прызнаныя пацярпелымі па справе.

Падсудных трое – начальнік цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Уладзімер Малашэвіч, ягоны намеснік Сяргей Грушэўскі і галоўны інжынер Уладзімер Губарэвіч. Іх трымалі пад вартай некалькі месяцаў, а потым выпусцілі.

«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе
Адвакаткі абвінавачаных

Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкулу «службовая нядбайнасць» (арт. 428 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Фігурантам пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.

Справу разглядае суддзя Дзмітры Грышын.

Вентыляцыя працавала дрэнна, пыл прыбіралі ўсухую

Усе трое абвінавачаных цяпер на свабодзе, двое працуюць на заводзе на іншых пасадах. Уладзіміру Малашэвічу 65 гадоў. Працаваў на заводзе 20 гадоў, пасля выбуху выйшаў на пенсію. Уладзіміру Губарэвічу 60 гадоў. Цяпер працуе спецыялістам вытворча-тэхнічнага бюро. Сяргею Грушэўскаму 42 гады. Працуе тэхнікам-тэхнолагам.

«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе
Пракурор

Паводле дзяржаўнага абвінавачвання, цэх, у якім фасавалі цукар, быў пажаранебяспечным (катэгорыя Б). Аднак у ім і суседніх памяшканнях парушаліся правілы аховы працы. Цукровы пыл збіраўся на абсталяванні і іншых канструкцыях у небяспечнай канцэнтрацыі.

Уборка праводзілася нерэгулярна. Пыл прыбіралі сухім ручным спосабам, хоць для ўборкі купілі прамысловы пыласмок. З памяшканняў пыл вывозілі несвоечасова. Вентыляцыя працавала дрэнна. У яе пранікала вільгаць. У выніку, пыл наліпаў і засыхаў на фільтрах, і яны прапускалі менш паветра, чым павінны былі. Падначаленыя скардзіліся Малашэвічу на гэтую сітуацыю, але ён не звяртаў увагі.

Трое службовых асобаў спадзяваліся, што ніякіх наступстваў ня будзе, таму не прымалі ніякіх дзеянняў, каб паменшыць колькасць пылу. Акрамя таго, у выніку выбуху былі пашкоджаныя памяшканні цэха на суму больш за 590 тысяч рублёў.

Ніхто з абвінавачаныя віну не прызнаў.

Пацярпелая: «У нас заўсёды была барацьба за гэты пыл»

Допыт пачалі з пацярпелых. Абвінавачаных дапытаюць у апошнюю чаргу.

Адзіная, хто выжыў, пацярпелая Марына Урбановіч распавяла пра ўмовы працы ў цэху.

«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе
На першым плане пацярпелыя (злева направа): Уладзімер Слуцкі, Марына Урбановіч

«Часам быў моцны пыл. Цукар усюды сыпаўся. Прыбіралі – мяшкі ставілі. Аспірацыя кепска працавала. Часам мы адзін аднаго ня бачылі», – адзначыла Урбановіч.

Пра запыленасць работнікі пастаянна гаварылі свайму непасрэднаму начальніку Малашэвічу. Усе ведалі, што вялікая канцэнтрацыя пылу можа прывесці да выбуху. Урбановіч лічыць Малашэвіча вінаватым у выбуху. У адказ на скаргі падначаленых ён пачынаў крычаць, махаць рукамі, прапаноўваў звольніцца тым, хто незадаволены.

Якія меры прымала начальства па выдаленні запыленасці, Урбановіч ня ведае. Але паляпшэнняў не заўважала.

«Заўсёды лаяліся з-за гэтага пылу. Дыхаць не было чым. Начальства адказвала: «Прымем меры«. У нас заўсёды была барацьба за гэты пыл », – адзначыла Урбановіч.

Да астатніх абвінавачаных прэтэнзій няма.

Па ейных словах, у тую ноч пяць жанчын працавалі побач ля канвеернай стужкі.

«Рэзка прайшоў агонь, і мы сталі гарэць жыўцом. Агонь, мне падалося, пайшоў з галерэі. Потым быў моцны выбух, потым яшчэ адзін слабейшы», – распавяла Урбановіч.

«Мы пачалі гарэць жыўцом». Што пацярпелыя ад выбуху на Скідзельскім цукровым заводзе кажуць на судзе
Суд Гродзенскага раёна, дзе праходзіць працэс

На некаторых жанчынах паплавілася адзенне, расплавіліся мабільныя тэлефоны. Жанчыны самі здолелі выйсці на вуліцу, хоць у некаторых момантамі адключалася свядомасць. Марына Урбановіч лічыць, што ёй удалося выжыць, бо на ёй у тую змену было адзенне з бавоўны, а не новая сінтэтычная, «шкляная» форма.

Жанчына выказала здагадку, што агонь пайшоў з таго месца, дзе цукар перадаваўся са стужкі на стужку. Там, паводле яе, заўсёды збіралася шмат пылу. Чаму з’явілася іскра, ня ведае. Ніхто з работніц цэха не курыў.

Звычайна пыл прыбіралі тыя ж жанчыны, якія фасавалі цукар, уручную, з дапамогай шуфлікаў і венікаў. На гэта адводзілася літаральна пяць хвілін паміж зменамі, кажа пацярпелая. Вільготную ўборку праводзілі рэдка. Часам для гэтага работніцы бралі дзень за свой кошт.

Урбановіч адзначыла, што калі прыходзілі правяраючыя рабіць замеры ўзроўню пылу, у гэты момант стужкі канвеераў спынялі, каб было менш пылу.

Сын загінулай Алены Кудзерка Ігар заявіў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды на 120 тысяч рублёў да Скідзельскага цукровага камбінату.

Усе пацярпелыя падтрымалі дзяржаўнае абвінавачванне, але ніхто ня выказаўся, якога пакарання чакаюць для падсудных.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: