Леаніду Рыжыкаву 59 гадоў і ён са Слоніма. Некалькі разоў у месяц мужчына прыязджае ў Гродна на вуліцу Савецкую, каб паграць на сваім баяне і зарабіць. Улетку музыкант наогул плануе сюды пераехаць.
Часам Леанід ездзіць у Баранавічы з роднага Слоніма, радзей у Гродна. Але тут яму падабаецца і тут ён можа трохі больш зарабіць.
“Сярэдні заробак у мяне каля 25 рублёў. Дзесьці 10 сыходзіць на дарогу, вось і лічыце што застаецца, – кажа Леанід. – Па некалькі разоў у месяц я імкнуся прыязджаць у Гродна. У родным Слоніме граць неяк няёмка, паказваюць пальцам. А тут прыемна і мне падабаецца. Людзі ў Гродне цікавыя і музычныя”.
https://www.instagram.com/p/Btvl1jtnF8v/
Паграць Леанід паспявае ў Гродне ўсяго некалькі гадзін. У асноўным мужчына прыязджае а 12:00, а ўжо а 16:00 адпраўляецца цягнік у Слонім.
“Раней я не граў на вуліцы, лёс прымусіў. Працаваў на розных святах. Цяпер у нас у Слоніме няма працы для мужыкоў перадпенсійнага ўзросту, вось і выйшаў граць. У Гродне шмат вулічных музыкаў, з канкурэнцыяй усё нармальна. Ніхто нікога не ганяе. Бывае дзень, што наогул збіраецца вялікая каманда на вуліцы: хтосьці на гітарах, на талерцы, на саксафоне і г.д. Кожны зарабляе як можа, але асабіста мне не падабаецца, калі людзі ходзяць з капелюшом і просяць грошы, сорамна становіцца”.

Леанід кажа, што ва ўсіх вулічных музыкаў у Гродне свой рэпертуар. Вядомую акардэаністку Лену мужчына не лічыць сур’ёзным канкурэнтам, хоць яна і грае на падобным інструменце. Кажа, іх музыка моцна адрозніваецца.
“Асабіста я граю на сваім баяне народны фальклор і песні з кінафільмаў, у Лены – шансон. Жанчына грае пад фанаграму з мікрафонам, грыміць трохі, але я так не магу. Граю без апаратуры і гэта мне падабаецца. А ў людзей густы розныя, як той казаў – кожнаму сваё”.


