На Ажэшкі з 10 лютага ў тэставым рэжыме пачало працу кафэ “Дранікі”. Асноўнымі стравамі там з’яўляюцца беларускія дранікі, пяльмені, а ў якасці дэсерту бельгійскія вафлі з рознымі топінгамі і марозіва ўласнай вытворчасці. Акрамя гэтага ў кафэ прапануюць вялікі выбар гарачых, алкагольных і безалкагольных напояў.
Работы па ўладкаванні новага кафэ ў будынку пачатку XX стагоддзя на вуліцы Ажэшкі пачаліся яшчэ ўлетку 2018 года. Уладальнік пастараўся захаваць стыль і атмасферу дома. Інтэр’ер выкананы ў простых прыемных танах, якія выдатна суадносяцца з арыгінальнымі цаглянымі сценамі і незвычайна аформленымі столямі. У кафэ каля 20 пасадачных месцаў. Установа размешчана недалёка ад чыгуначнага вакзалу і ў крокавай даступнасці ад галоўных турыстычных месцаў горада.
“Мы будзем прадаваць традыцыйную беларускую кухню, – распавядае загадчыца кафэ Таццяна Кульбей. – Асноўны ўпор робім на дранікі, паспрабуем іх зрабіць найлепшымі ў горадзе. Гатуем іх па нашых сакрэтных тэхналогіях, як звычайныя, так і з курыцай і ялавічынай. Іх асаблівасць у тым, што ўсе стравы падаюцца з жару – будзем гатаваць для кожнага кліента, а не проста разаграваць. Акрамя гэтага мы можам прапанаваць пяльмені ручной лепкі, шэсць відаў уласнай вытворчасці марожанага і бельгійскія вафлі.
Таксама ў кафэ ёсць вялікі выбар розных напояў, у тым ліку і алкаголю, асноўным з’яўляецца беларуская крамбамбуля. У будучыні ва ўстанове з’явяцца сняданкі і новыя стравы.
Адрас: Ажэшкі, 35а
Час працы:
ПН-ЧЦ – 11:00 – 23:00
ПТ-НД – 11:00 – 01:00














