Экскурсіі арганізуюць да юбілею Гродзенскай вобласці ў рамках акцыі, якая адбудзецца 9 верасня. Спецыяльна для яе ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама складуць 75 маршрутаў, па якіх бясплатна змогуць прайсці разам з гідам ўсе жадаючыя, піша «Гродзенская праўда».
— Да акцыі далучацца вядучыя гіды і экскурсаводы вобласці, турыстычныя кампаніі. Усе маршруты загадзя афішуюць, каб кожны змог выбраць сваё падарожжа. Плануецца, што аб’ектаў, размешчаных на маршрутах, таксама будзе 75. Адна з мэтаў акцыі - сканцэнтраваць увагу на тым багацці, якое ёсць у нашага рэгіёну. Таксама гэта выдатны спосаб прыцягнуць замежных гасцей, прэзентаваць ім Гродзеншчыну ў найлепшым святле, — распавёў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык.
Акцыя пройдзе па ўсёй вобласці, час старту будзе для ўсіх аднолькавым. У гэты дзень сотні гідаў будуць распавядаць пра цудоўныя месцы гродзенскага рэгіёну тысячам турыстаў.
— У дзень правядзення акцыі транспартная лагістыка будзе значна больш інтэнсіўнай, пусцяць дадатковы транспарт, каб людзі маглі вольна дабрацца на экскурсіі ў суседнія раёны.