Яўген Каралёк выйграў велагонку скрэтч на этапе Кубка свету ў Ганконгу. Пасля фінішу гродзенец святкаваў перамогу і пракаціўся па трэку з беларускім сцягам. Аднак радавацца было рана, піша «Вячэрні Гродна».

Па правілах суддзі апавяшчаюць спартсменаў ўдарамі ў звон аб тым, што ім трэба будзе апошні круг і набліжаецца фініш. Але ў гэты раз яны памыліліся і зрабілі гэта на адзін круг раней. Атрымалася, што Яўген Каралёк фінішаваў, а гонка яшчэ ішла. Затым суддзі зразумелі сваю памылку, дадалі круг і вызначылі іншых пераможцаў: кітайца, амерыканца і француза. У выніку гродзенец апынуўся на 4-м месцы.

Арганізатары не адрэагавалі на сітуацыю, няма навін і рэакцыі на сайце міжнароднай федэрацыі веласпорту.

Сам Яўген Каралёк годна паводзіць сябе ў сітуацыі, якая склалася. Ён запісаў відэа ў Інстаграм, дзе пракаментаваў скандал.

— Для нашай краіны склалася нядобрая сітуацыя, забралі перамогу, далі чацвёртае месца, хоць усе спартсмены фінішавалі на круг раней. Гэта была памылка суддзяў. Ёсць відэа доказы, але здарылася так, як здарылася, — сказаў Яўген.

www.instagram.com/p/BtGkC1FgRkM

Яўген Каралёк з’яўляецца чэмпіёнам свету і Еўропы. Яго прызналі лепшым спартсменам вобласці 2018 года.