Шчанюка з паламанай нагой пакінулі прывязаным ў поле ў Альшанцы. Яго заўважыў мясцовы жыхар і паведаміў валанцёрам. Гэта не першы выпадак у 2019 годзе, калі гродзенцы пакідаюць на марозе паміраць сабак.
Гродзенскі Валанцёр Алена Камчыц паведамляе:
«У нядзелю раніцай нам патэлефанаваў хлопец з Альшанкі і паведаміў, што са свайго балкона ён убачыў у поле сабаку. Калі падышоў, то ўбачыў там шчанюка, прывязанага да кала. І гэта было ў - 10. Ён сабаку адвязаў і накарміў дома. Праз некалькі гадзін мы забралі Джэка (так яго назвалі валанцёры) і завезлі ў клініку «Друзья».
У клініцы паведамілі, што жывёла моцна знясілена і са зламаным сцягном. Магчыма, яго нехта сістэматычна збіваў.Валанцёры шукаюць, чыя можа гэта быць сабака, і ўжо збіраюць усе неабходныя дакументы, факты і доказы. Вырашаецца пытанне пра заяву ў міліцыю.
Гэта ўжо не першы выпадак у гэтым годзе, калі ў Гродне ў мароз пакідаюць паміраць жывёл. 20 студзеня дзеці па просьбе дарослых прывязалі да жалезнага слупа сабаку і сышлі.