5 Лютага ў Гродне адбудзецца адкрытая лекцыя кандыдата гістарычных навук Генадзя Семянчука на тэму «Ці была Русь калыскай беларускага, украінскага і расійскага народаў».

Разам з гісторыкам можна будзе абмеркаваць міфы пра адзіную «Старажытную Русь» і «Старажытнарускую народнасць». Чаму беларусы, украінцы і расейцы не паходзяць з адной калыскі «старажытнаруская народнасць»?

Генадзь Семянчук абяцае даць адказы на вечныя пытанні: дзе і калі паўстала «Русь», што гэта — народ, сацыяльная група, дзяржава; што азначае паняцце «Русь» — этнічную, сацыяльную ці канфесіянальную сутнасць?

Генадзь Семянчук скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы (1985), аспірантуру па спецыяльнасці «Археалогія» (пад кіраўніцтвам Г. Штыхава) Інстытута гісторыі НАН Беларусі (1990).

У 1990−91 супрацоўнік Інстытута гісторы НАН Беларусі. З 1991 у Гродзенскім універсітэце, з 1994 дацэнт кафедры беларускай культуры. У 1998 выкладаў ва Універсітэце імя А. Міцкевіча ў Познані. Звольнены з Гродзенскага ўніверсітэта ў студзені 2015.

Асноўныя тэмы даследаванняў: палітычная і сацыяльная гісторыя Беларусі 6—16 ст., археалогія сярэднявечнага перыяду Беларусі, культура Гродзенскага рэгіёна.

Лекцыя пройдзе па адрасе Кірава, 3 (у памяшканні этнакрамы «Цудоўня»), пачатак, а 19:00. Уваход вольны.