У Гродне збіраюць подпісы за стварэнне гарадскога грамадскага парку на месцы пусткі паміж вуліцай Дубко і завулкам Дзяржынскага, насупраць ГЦ «Oldcity». Згодна з новым генпланам, там у будучыні з’явіцца студэнцкі гарадок.

Збор подпісаў праходзіць на платформе petitions.by. Прыводзім тэкст петыцыі:

«Мы цвёрда перакананыя ў тым, што ў горадзе Гродна адчуваецца востры недахоп грамадскіх паркаў, асабліва ў спальных раёнах, што стварае цяжкасці для адпачынку і правядзення вольнага часу мясцовым жыхарам. Лічым, што парк стане месцам, у якім людзі рознага ўзросту змогуць з карысцю для здароўя праводзіць час з сям’ёй і з сябрамі, наладжваць сацыяльныя кантакты са сваімі суседзямі. У парку павінны знаходзіцца функцыянальныя зоны актыўнага і пасіўнага адпачынку, для ўсіх узроставых груп. Таксама лічым абавязковай умовай абмеркаванне з грамадскасцю і ўсімі зацікаўленымі бакамі вонкавага аблічча дадзенага парку.

Акрамя таго, лічым важным нагадаць аб міжнародных пагадненнях, падпісаных Рэспублікай Беларусь, якія гарантуюць экалагічнае права для грамадзян рэспублікі, у прыватнасці, Орхуская канвенцыя «.

З 12 студзеня аўтару ўдалося сабраць усяго 67 подпісаў. Да канца збору подпісаў засталося амаль 5 сутак.

Нагадаем, яшчэ ўлетку 2014 года стала вядома, што на месцы пусткі паміж вуліцай Дубко і завулкам Дзяржынскага з’явіцца студэнцкі гарадок. Яго будаўніцтва запланавана і ў генплане на бліжэйшыя 10 гадоў.