У міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня рэдакцыя Hrodna.life запрашае чытачоў на шпацыр па тэрыторыі былога гродзенскага гета. Журналіст Руслан Кулевіч раскажа, як мясцовыя яўрэі ў 1941 годзе вымушаныя былі пакінуць свае дамы і як змагаліся за жыццё ў вельмі складаных умовах нямецкай акупацыі.
Шпацыр з журналістам пройдзе па тэрыторыі былога гета № 1, якое знаходзілася ў самым цэнтры Гродна. Руслан Кулевіч пакажа дамы, у якіх хаваліся яўрэі, месцы, дзе былі знойдзены дзённікі і каштоўныя рэчы з часоў вайны і многае іншае. Ёсць верагоднасць, што да шпацыру далучыцца і жывы сведка існавання гета ў цэнтры Гродна.
«Сёння мы павінны ведаць, у якіх цяжкіх умовах апынуліся гродзенцы ў перыяд Другой сусветнай вайны. У час акупацыі ў горадзе пакутавалі ўсё, але найбольш яўрэі. З амаль трох дзясяткаў тысяч яўрэяў пасля вайны ў горад вярнуліся толькі некалькі сотняў. Большая частка яўрэяў-гродзенцаў загінула ў Трэблінцы і Асвенціме.
У Гродне толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя была прыадчынена завеса над гісторыяй яўрэйства перыяду Другой сусветнай вайны. На сённяшні дзень ужо няма ў жывых вязняў гродзенскага гета, але засталіся іх нешматлікія ўспаміны", — распавёў Руслан Кулевіч.
Пачынаем у 12.00 ля памятнай шыльды загінулым вязням на месцы ўвахода ў гродзенскае гета № 1 на вуліцы Замкавай.
Даведка
У Гродне акупацыйныя ўлады абвясцілі аб стварэнні гета для яўрэяў 1 лістапада 1941 года. Гета № 1 знаходзілася ў квадраце вуліц Замкавая — Вялікая Траецкая (мяжа па яры) — Віленская, Савецкая. Цэнтральны ўваход у гета № 1 быў з боку вуліцы Замкавай.
Гета № 2 размяшчалася ў квадраце вуліц: праспект Касманаўтаў - Антонава — Лідская — Белуша — Паліграфістаў (былая «Слабодка»).
Вакол абодвух гета напярэдадні перасялення туды яўрэяў збудавалі агароджы з калючага дроту. Уваход быў арганізаваны толькі праз адну браму, якую ахоўвалі жандары і гестапаўцы. За самавольны выхад з гета пагражаў расстрэл на месцы або пакаранне праз павешанне. Яўрэі Гродна і яго ваколіц былі знішчаныя ў некалькі этапаў цягам 1941−44 гг.