Будаўнічая тэхніка з’явілася каля “крывога дома” на Вялікай Траецкай у сераду 23 студзеня. Hrodna.life ўжо пісаў, што ўласнік пакіне ад будынка ў лепшым выпадку толькі фасад, бо будынак аварыйны. Лёс фасада будзе канчаткова вырашаны 24 студзеня.
Дом на Вялікай Траецкай, вядомы як “крывы”, некалькі гадоў пуставаў і быў на грані зносу. У 2017 годзе уласнік – чайны дом «ЧайКоффский» – вырашыў перабудаваць будынак пад гасцініцу з броварам і офісамі. У канцы 2018 года на аб’екце пачаліся падрыхтоўчыя працы.

“Згодна з праектам будынак не цалкам будзе разбірацца – застаецца фасадная сцяна. Але трэба разумець, што дом аварыйны і не выключана, што яго давядзецца разабраць цалкам. У любым выпадку, гістарычны выгляд будынка захаваецца”, – распавядаў раней Hrodna.life заснавальнік чайнага дома «ЧайКоффский» Дзмітрый Рыхліцкі.
Незвычайная знаходка – тайнік вязняў гета?
Падчас разборкі будынка будаўнікі выявілі ў сцяне схаваную прастору на некалькі чалавек, якая была закладзена цаглінамі. Не выключана, што ў гэтым месцы маглі хавацца вязні гродзенскага гета. Пра гэта сведчыць дзённік, які быў знойдзены на руінах гета пасля вайны. Іншых знаходак у доме пакуль не было.

Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч пісаў, што апошнія ацалелыя жыхары раёна хаваліся на гарышчах. «Тут зроблена невялікі фальшывы дах з маленькім уваходам трохкутнай формы з аднаго боку, з другога – канец піраміды, даўжыня 4-5 метраў, тут жывуць 4 дарослых і 2 дзяцей», – пісаў аб адным з такіх сховішчаў невядомы аўтар дзённіка, знойдзенага на руінах гета пасля вайны. Сёння гэты дом – фактычна апошні напамін пра некалькі пакаленнях гродзенцаў.
Даведка
Дом па вуліцы Вялікай Траецкай (некалі ён адносіўся да вуліцы Крывой) быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Пабудова здолела захаваць свой цікавы першапачатковы выгляд. Галоўным упрыгожваннем «крывога» будынка было спалучэнне характэрнай гродзенскай цэглы з жоўтай гліны з чырвонымі ўстаўкамі над вокнамі і ўваходам.







