15 студзеня з розніцай у некалькі гадзін зніклі два школьнікі з Гродна. Арыенціроўкі на пошук 17-гадовага Аляксандра Чака і 16-гадовага Дзяніса Духаніна міліцыя накіравала па ўсёй краіне. Аб знікненні падлеткаў праінфармавалі калег з Расіі. Інфармацыю пра хлапчукоў репосцілі ў сацыяльных сетках і Viber. Да пошукаў падключыліся валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Цэнтр Спас». У нядзелю школьнікаў знайшлі. Як іх шукалі распавялі grodnonews.by ва УУС аблвыканкама.
Як шукалі Аляксандра Чака
Храналогію пошукавай аперацыі прадстаўнікі УУС аднаўляюць з дакладнасцю амаль да хвіліны. У аўторак, 15 студзеня, у міліцыю паступіла заява ад бацькоў зніклага Аляксандра Чака. Як звычайна, раніцай у 8.30 падлетак адправіўся ў школу, праз 15 хвілін яго мама атрымала паведамленне, што ён прайшоў школьны турнікет. А ўжо ў 9.15 класны кіраўнік паведаміла: Аляксандра на ўроках няма. Хлопчык на тэлефонныя званкі не адказваў, і ўвечары ўстрывожаныя бацькі звярнуліся па дапамогу ў міліцыю.
— Перш за ўсё вывучылі гісторыю сеткавай актыўнасці. Высветлілі, што ў апошні час школьнік цікавіўся, як з’ехаць у Расію. А таксама,
якая адказнасць пагражае за знаходжанне там без суправаджэння дарослых. Гэтая інфармацыя стала добрай зачэпкай. Аператыўна разаслалі арыенціроўкі на падлетка ў паліцыю Расійскай Федэрацыі. Пастараліся задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы для арганізацыі пошуку. Па дапамогу звярнуліся да жыхароў краіны, — распавядае афіцыйны прадстаўнік УУС аблвыканкама Максім Базыленка.
Інфармацыя пра школьніка была разасланая ў рэспубліканскія і абласныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы. Па дапамогу звярнуліся і ў пошукавы атрад «Ліза Алерт», які дзейнічае на тэрыторыі Расіі, расійскае тэлебачанне і газеты. Супрацоўнікі УУС аблвыканкама пастаянна трымалі сувязь з калегамі з іншых абласцей краіны і каардынатарамі пошуку на тэрыторыі суседняй краіны.
Як шукалі Дзяніса Духаніна
Калі аперацыя па пошуку Аляксандра Чака актыўна набірала абароты, у міліцыю паступіла паведамленне аб знікненні яшчэ аднаго падлетка з Гродна — Дзяніса Духаніна.
— Першая працоўная версія — хлопчыкі з’ехалі разам. На гэта наводзіла некалькі момантаў: школьнікі з добрых сем’яў, выдатнікі, удзельнікі алімпіяд. Гімназіі № 1 і № 9, дзе вучацца дзеці, знаходзяцца побач. Магчыма, яны вырашылі ўцячы разам. Думалі, калі знойдзем аднаго, знойдзем i другога, — дадаюць у УУС аблвыканкама.
У гэты час ужо пачала паступаць першая інфармацыя пра Аляксандра Чака. Супрацоўнікі міліцыі, дэталёва вывучыўшы запісы з камер відэаназірання на чыгуначных і аўтавакзалах краіны, атрымалі зачэпку — хлопчыка заўважылі на вакзале ў Мінску. Аказалася, адтуль хлапчук трымаў курс ў Магілёў.
— Аператыўнікі ГУУС Магілёва ўжо вывучалі запісы з камер відэаназірання на вакзале ў абласным цэнтры. Бачылі, як хлопчык праходзіў ля білетных кас, чытаў расклад цягнікоў. Стала зразумела: плануе ехаць далей. Пакуль адны аператыўнікі назіралі за ім праз камеры, іншыя ўжо накіраваліся на вакзал. Там падлетка і знайшлі, — распавядае Максім Базыленка.
Амаль адначасова атрымалі інфармацыю ад калегаў з Масквы — Дзяніс Духанін знойдзены ў адным з хостэлаў сталіцы краіны-суседкі. На пытанне: чаму збег? Адказаў: «Хацеў знайсці працу ў Маскве». Іншую падрабязную інфармацыю праваахоўнікі па этычных прычынах не паведамляюць. Але самае галоўнае, што са здароўем падлеткаў усё ў парадку, цяпер яны ўжо побач са сваімі роднымі.
Знік чалавек — не варта чакаць
— Пошукі зніклых падлеткаў з’ядналі калегаў у розных рэгіёнах краіны. Прафесійна і граматна спрацавалі аператыўнікі УУС аблвыканкама, ГУУС Мінска і Магілёва. Вельмі дапамаглі расійскія калегі-паліцэйскія. Аператыўна знайсці падлеткаў дазволіла своечасовы зварот бацькоў у міліцыю. Не быў страчаны час, які ў падобных сітуацыях мае вырашальнае значэнне, — распавялі ва УУС аблвыканкама.
Праваахоўнікі дадалі, што ў выпадку ўзнікнення такога надзвычайнага здарэння не варта марудзіць. Трэба не чакаць тры дні, а неадкладна паведамляць аб зніклым чалавеку ў раённы аддзел міліцыі. Тады шанцаў знайсці будзе значна больш.