У польскім Гданьску беларус трапіў у лякарню з нажавымі раненнямі. Праз падазрэньне ў замаху на забойства затрымалі трох чалавек, піша Радыё С**бода са спасылкай на Radio Gdansk.
Беларус атрымаў тры нажавыя раненні, у прыватнасці жывата, яму зрабілі аперацыю. Падрабязнасці пра стан яго здароўя не вядомыя.
Як паведамілі ў паліцыі Гданьску, затрымалі дзвюх жанчын і аднаго мужчыну, усе грамадзяне Украіны. Заведзеная крымінальная справа па факце замаху на забойства.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пацярпелы прыйшоў у госці да знаёмага ў адзін з хостэлаў у раёне Ліпцэ. Верагодна, паміж імі адбылася сварка. Пасля нападу паранены сам выйшаў з пакою і паклікаў на дапамогу.
Для допыту асноўнага падазраванага паліцыі давялося ўзяць паўзу, бо пры затрыманні ён быў п’яны.