Закон пра легалізаванне продажу марыхуаны для ўжытку ў медычных мэтах набыў моц у Польшчы ў 2017 годзе. Нарматыўны акт дазваляе вырабляць прэпараты з канопляў у аптэках на падставе рэцэпта лекара з матэрыялу, што дастаўляецца з-за мяжы.
У чацвер адзіная кампанія, што атрымала ліцэнзію на пастаўкі ў рэспубліку марыхуаны ад Польскай фармацэўтычнай палаты, канадская Spectrum Cannabis, інфармавала пра тое, што першая партыя прадукту — каля 7 кг — паступіла на аптэчныя склады краіны. З 17 студзеня грамадзяне Польшчы могуць па рэцэпце заказаць патрэбны для лячэння прэпарат, піша ТАСС.
Адзін грам сухога прадукту каштуе ў польскіх аптэках каля 65 злотых ($ 17). Як інфармуе Gazeta Wyborcza на нелегальным рынку гэта набыццё абышлося б у 50 злотых ($ 13), але без якой-небудзь гарантыі якасці ці інфармацыі пра месца паходжання канопляў. Лекавая марыхуана гадуецца ў лабараторных умовах.
Паводле папярэдніх ацэнак, у Польшчы ва ўжытку марыхуаны ў медычных мэтах маюць патрэбу каля 300 тысяч пацыентаў. Дакладных дадзеных пра тое, колькі такога прэпарата ім трэба, няма. Як паказвае досвед Ізраіля, дзе такое лячэнне пашыранае і даступнае, хворыя ў сярэднім карыстаюць каля 15 г на месяц. Такім чынам, завезеных у Польшчу 7 кг хопіць на месяц лекавання 500 пацыентаў.
Лекавае ўжыванне марыхуаны дазволена ў Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Ізраілі, Фінляндыі і Партугаліі, некаторых штатах ЗША і Аўстраліі. Гэты сродак выкарыстоўваецца пры эпілепсіі, анарэксіі, бранхіяльнай астме, мігрэні, артрыце, захворваннях хрыбетніка, псіхічных і неўралагічных расстройствах, анкалогіі.