Два з паловай гады калоніі ва ўмовах пасялення запытаў дзяржабвінаваўца для таксіста, які ў верасні мінулага года да смерці збіў жанчыну на пешаходным пераходзе на праспекце Касманаўтаў. Спрэчкі па крымінальнай справе адбыліся ў судзе Кастрычніцкага раёна ў сераду, 16 студзеня, піша «Вячэрні Гродна».
Па словах пракурора, былі праведзены ўсе неабходныя экспертызы, якія паказалі, што ў момант наезду жанчына была цвярозая, машына «Шкода Рапід» 2018 года выпуску знаходзілася ў спраўным стане. Былі апытаныя сведкі, якія расказалі пра тое, што таксіст ехаў з хуткасцю прыкладна 64 км/г, магчыма, і больш.
«Машына не тармазіла і хуткасць яе была немаленькая …»: у Гродне пачаўся суд над таксістам, які збіў жанчыну на пешаходным пераходзе
Таксама ў рамках следчага эксперыменту ўстаноўлена, што сігнал святлафора і пешахода на зебры вадзіцель мог убачыць мінімум на адлегласці 135 метраў і пры набліжэнні бачнасць толькі паляпшалася.
Дзіця — змякчальная абставіна
Змякчальнымі абставінамі ў справе таксіста могуць паслужыць яго чыстасардэчнае прызнанне, раскаянне і той факт, што цяпер на яго ўтрыманнi шасцімесячнае дзіця. Аднак абцяжваючай абставінай з’яўляецца тое, што кіроўца свядома парушыў правілы бяспекі. У сувязі з гэтым, на думку дзяржабвінаваўцы, абвінавачанаму неабходна прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2,5 года з адбываннем у калоніі ва ўмовах пасялення, а таксама пазбавіць яго правоў кіроўцы і права займаць пэўныя пасады на 5 гадоў.
— Чалавека ўжо няма, а я не суддзя, таму рашэнне на меркаванне суду, — патлумачыў у судзе пацярпелы — муж загінулай ў ДТЗ жанчыны. — Але лічу, што пазіцыя дзяржабвінаваўцы няжорская.
Адвакат лічыць, што можна абысціся без калоніі
Зараз абвінавачваны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. У яго абарону адвакат прывёў свае довады: раней ён не быў судзімы, па службе і на працы характарызаваўся станоўча, на яго ўтрыманні знаходзіцца шасцімесячнае дзіця, сваю віну ён прызнаў, а таксама перадаў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды сям'і загінулай 27 000 рублёў. У сувязі з гэтым абаронца лічыць, што пакаранне трэба замяніць з пазбаўлення волі на абмежаванне волі па месцы жыхарства без накіравання ў калонію.
Апошняе слова абвінавачаны зможа сказаць у пятніцу, 18 студзеня.
Нагадаем, смяротны наезд адбыўся ў канцы верасня мінулага года на рэгуляваным пешаходным пераходзе на праспекце Касманаўтаў. Таксіст ехаў з боку кальца каля «Алмі» у напрамку цэнтра, навігатар адцягнуў яго ўвагу, ён позна заўважыў чырвоны сігнал святлафора і жанчыну на зебры і збіў яе. Праз некалькі дзён яна памерла ў лякарні не прыходзячы ў прытомнасць.