Двух салдат Гродзенскай памежнай групы (в/ч 2141) асудзілі на год калоніі агульнага рэжыму за здзекі над таварышам па службе. Прысуд вынес суд Кастрычніцкага раёна Гродна 16 студзеня, ён пакуль не ўступіў у законную сілу. На абвяшчэнне прысуду ў прафілактычных мэтах прывялі некалькі дзесяткаў ваеннаслужачых, пішуць Naviny.by.
Фігуранты справы — 22-гадовы Уладзіслаў Шкулькоў з вёскі Асіповічы Вілейскага раёна Мінскай вобласці і 20-гадовы Андрэй Пятровіч з Мінска. Абодва звольненыя з ваеннай службы ў запас. Пацярпелы — радавы Міхаіл Ярашэнка, які таксама звольнены ў запас.
Справу разглядалі амаль тры месяцы. Суд абвясціў толькі рэзалютыўную частку. Шкулькоў і Пятровіч прызнаныя вінаватымі ў здзеках над вайскоўцам.
На першым судовым пасяджэнні пракурор Генадзь Мазайла зачытаў абвінавачванне, якое раскрыла падрабязнасці парушэння статутных правілаў.
Роля Пятровіча заключалася ў тым, каб прывесці Ярашэнка, а потым сачыць, каб па калідоры не ішлі афіцэры. Акрамя таго, Шкулькоў уздымаў ложак Ярашэнка за ножкі, той ўдараўся галавой аб сцяну і падаў з ложка.
Абвінавачаны, па словах пракурора, прымушаў салдата адціскацца не менш за 65 разоў, распавядаць прымаўкі пагранічнікаў у нецэнзурнай форме. Пятровіч пасля заўвагі Ярашэнка схапіў яго, зняў і скамячыў яго шапку, а потым ударыў нагой у пах і трапіў па машонцы, што выклікала парушэнне здароўя.
Згодна з дзяржабвінавачаннем, гэта рабілася «з жадання самасцвярдзіцца ў калектыве ваеннаслужачых, усталяваць і далей падтрымліваць нестатутныя традыцыі, паказаць сваю значнасць, фізічную сілу і ўяўную перавагу над іншымі вайскоўцамі, запалохаць і зняважыць іх, падпарадкаваць іх сваёй волі, павысіць свой нефармальны аўтарытэт».
Як заявіў намеснік камандзіра Гродзенскай памежнай групы па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Сяргей Саўчук, гэтыя факты былі выяўлены непасрэднымі камандзірамі абвінавачаных і пацярпелага.
На пытанне, ці распачаліся праверкі ў частцы ў сувязі са смерцю Аляксандра Коржыча ў 2017 годзе ў 72-м Аб’яднаным навучальным цэнтры УС (ваенны гарадок Печы ў Барысаве), Саўчук адказаў адмоўна: «Гэта ніякім чынам не ўзаемазвязаныя рэчы. На самыя маленькія нюансы стараемся звяртаць увагу, пачынаючы з распарадку дня і заканчваючы знешнім выглядам».
Паводле яго слоў, камандзіры прымаюць вычарпальныя меры, і нават ускосныя прыкметы, якія паказваюць на магчымасць нестатутных узаемаадносін, падрабязна разглядаюцца на самым высокім узроўні.