15 студзеня ў пасляабедзенны час ля польскага консульства пачалі з’яўляцца першыя кветкі і лампадкі. Іх прынеслі палітычныя актывісты і журналісты ў знак памяці аб забітым мэры Гданьска Паўле Адамовічы.
Напад на мэра Гданьска адбыўся 13 студзеня падчас дабрачыннага мерапрыемства «Вялікі аркестр святочнай дапамогі», падчас якога ў Польшчы штогод збіраюць сродкі на дапамогу медыцынскім установам. Акцыя, якая праходзіць ва ўсіх гарадах Польшчы, завяршаецца канцэртам. Падчас выступу Паўла Адамовіча на сцэну выбег 27-гадовы мужчына і ўдарыў яго нажом у вобласць сэрца. Мэр быў шпіталізаваны, перанёс 5-гадзінную аперацыю, але лекары не здолелі яго выратаваць.
У буйных гарадах Польшчы 14 студзеня тысячы людзей выйшлі на маршы супраць нянавісці і гвалту і каб ушанаваць памяць Паўла Адамовіча.
Улады Польшчы аб’явілі ў Варшаве трохдзённую жалобу з 15 па 17 студзеня. Нацыянальная жалоба будзе абвешчаны ў дзень пахавання. Дзень пахавання абярэ сям’я Адамовіча.
Павел Адамовіч шырока вядомы і жыхарам постсавецкай прасторы. Ён пісаў блог па-руску для «Эхо Москвы», дапамагаў актывістам беларускай апазіцыі, у тым ліку прымаючы ў Гданьску студэнтаў, адлічаных у Беларусі па палітычных матывах.
Рэдакцыя выказвае спачуванні сям'і і блізкім Паўла Адамовіча.