11-13 студзеня ў сталічных кінатэатрах пакажуць знакамітую камедыю “Адзін дома” ў беларускай агучцы. Гэты фільм завершыць “Калядны кінамарафон” ад кампаніі “Кінаконг” . Чаму паказы абыходзяць Гродна, і ці зменіцца сітуацыя, расказаў Hrodna.life кіраўнік кампаніі Андрэй Кім.
Кінажыццё ў Гродне на досыць добрым узроўні: акрамя прэм’ер папулярных фільмаў можна схадзіць і на паказы кінаклуба “Ракурс”, і на фестывальнае кіно. Бракуе толькі фільмаў на беларускай мове. У 2017-2018 годзе некалькі такіх паказаў адбылося, але “Калядны кінамарафон” ад сталічнага праекта “Беларускія ўікэнды” Гродна абышоў. Як і большасць іншых перакладзеных фільмаў і анімацыі. У Мінску гэты праект квітнее не першы год, яго рэалізавала кампанія перакладаў і агучкі фільмаў на беларускую “Кінаконг” пры падтрымцы Velcom.

Ці будуць паказы ў Гродне?
“На некаторыя фільмы вельмі дарагая ліцэнзія, і паказы ў рэгіёнах не акупаюцца“, – тлумачыць Андрэй Кім. Калі гаворка ідзе пра сусветную класіку кіно, то “Кінаконг” набывае ліцэнзію на адзін паказ, то бок за кожны паказ у кінатэатры трэба плаціць асобна. У Мінску на прагляд прыходзіць блізу 500 чалавек, у рэгіёнах, канешне, менш.
“Калі знойдзецца спонсар, які дапаможа – пакажам“. Запас перакладзеных на нашу мову і якасна агучаных фільмаў ужо немалы. Андрэй кажа, што напрацягу ўсяго часу існавання праекта якасць агучкі расце і ўзровень, якога яны дасягнулі цяпер, непараўнальны з пачаткам.

“Магчыма, у 2019 годзе фінансавая сітуацыя зменіцца, і мы ўключым у паказы хаця бы Гродна, бо там заўсёды добра ходзяць“, – абяцае Андрэй. “Пакуль у рэгіёнах робім 1-2 паказы на год“. Абласны кінавідэапракат да гэтай ініцыятывы таксама заўжды ставіўся прыхільна.
Яшчэ адна складанасць з паказамі ў рэгіёнах – адсутнасць пастаяннага каардынатара на месцах, які б мог дамаўляцца з кіназаламі і весці рэкламную кампанію для кожнага паказу. Над рашэннем гэтай праблемы ў Гродне “Кінаконг” ужо працуе.



