Фатаграфіі з поні, што бегалі па цэнтры Гродна, бачылі ў сацыяльных сетках многія, але чые жывёлы – ніхто не мог сказаць. Да вечара поні з’явіліся ўжо на прывязі на плошчы Леніна разам з гаспадарамі. Тыя распавялі, як так атрымалася, што жывёлы паспелі самастойна пабегаць па вуліцах Гродна і здзівіць гараджан.
Аказваецца, поні Гоша і Ліна прыехалі ў Гродна з Віцебска і ўжо трэці тыдзень катаюць на плошчы Леніна гараджан. Жывуць жывёлы ў хляве недалёка ад цэнтра горада. Увечары ў аўторак 8 студзеня поні нечакана выбілі ў хляве дзверы і пайшлі шпацыраваць па горадзе.
“Прыйшлі да адрыны, а дзверы адчыненыя, – распавядае працаўнік пракату поні. – Спалохаліся і пайшлі па слядах шукаць жывёл. Колькі мы сюды ездзім – упершыню такі выпадак. Беглі за імі і ў людзей пыталі. Злавілі толькі на Ажэшкі, ля моста. Прымусілі яны нас пабегаць.
Вядома, хваляваліся, бо яны маглі і машыны пабіць і людзей спалохаць. Але ўсё абышлося. А так поні нашыя прыязныя”.
Работнікі пракату распавялі, што жывёл не каралі. Завялі да адрыны, напаілі, накармілі і адправіліся працаваць.





